Кахлеарная імплантацыя і не толькі.
У РНПЦ отарыналарынгалогіі выканана тысячная аперацыя па кахлеарнай імплантацыі. Яе зрабілі аднагадоваму Ілью з Віцебска. Гэтымі днямі праграме кахлеарнай імплантацыі ў нашай краіне споўнілася 25 гадоў. Роўна чвэрць стагоддзя беларускія медыкі вяртаюць слых дзецям, якія па розных прычынах яго страцілі ці нарадзіліся з такой паталогіяй. У цэлым жа ў РНПЦ беларускія медыкі выконваюць усе віды высокатэхналагічных хірургічных умяшанняў, якія існуюць у свеце.
Глухне вуха — справа не глуха
Дарэчы, слых — адзінае з усіх пачуццяў чалавека, якое, цалкам страціўшы, усё ж можна вярнуць. Калі сёння колькасць кахлеарных імплантацый складае тысячу, то ў 2004-м аперацыя, зробленая двухгадовай на той час Крысціне Чапцовай, была ўсяго 20-й па ліку. Сёння дзяўчыне 23 гады і яна настаўніца геаграфіі і біялогіі спецыяльнай школы № 14 для дзяцей, якія маюць праблемы са слыхам. Летась дзяўчына скончыла БДПУ імя Максіма Танка.
— Хацелася самой дапамагаць дзецям з такімі ж, як у мяне, праблемамі, таму выбар прафесіі быў відавочны. Вучні бачаць мяне і натхняюцца маім прыкладам. Магу сказаць, што вучні з класа, дзе я стала класным кіраўніком, пачалі старацца нашмат больш, — расказвае маладая настаўніца, дадаючы, што кахлеарная імплантацыя патрабуе шмат намаганняў і штодзённых заняткаў, каб аднавіць маўленне.
Штогод у цэнтры ўрачы отарыналарынголагі, сурдолагі, фаніятры, слыхапратэзісты, а таксама настаўнікі-дэфектолагі прымаюць каля 80 тысяч пацыентаў. У аддзяленні дзённага знаходжання каля паўтысячы пацыентаў у год праходзяць праз малаінвазійныя аперацыі, больш складаныя выконваюцца ў стацыянары. Штогод лячэнне тут праходзяць каля 4 тысяч пацыентаў, робіцца каля 6 тысяч аперацый, з якіх палова — высокатэхналагічныя. Цэнтр аснашчаны самым сучасным абсталяваннем: відэаэндаскапічнымі комплексамі, аперацыйнымі мікраскопамі, наркознымі апаратамі высокага класа, шэвернымі і мікраматорнымі сістэмамі, сістэмамі отаакустычнай эмісіі і кароткалатэнтных патэнцыялаў, сістэмай полісамнаграфіі.
У цэнтры выконваюцца ўсе віды высокатэхналагічных хірургічных умяшанняў, вядомых у сусветнай практыцы. Гэта мікрахірургія глоткі і гартані, слыхапаляпшальныя аперацыі на сярэднім і ўнутраным вуху з выкарыстаннем эндапратэзаў слыхавых костачак, устаноўка сістэм коснай і паветранай імплантацыі пры пароках развіцця вонкавага і сярэдняга вуха і пры дэструктыўных формах хранічных сярэдніх атытаў. Аднамомантныя касметычныя і слыхапаляпшальныя аперацыі робяцца дзеткам, якія нараджаюцца без слыху і без вуха. Хірургі адначасова аднаўляюць вуха і ўстанаўліваюць сістэму для правядзення слыху. Такіх маленькіх пацыентаў прааперыравана ўжо больш за сотню. Таксама ў цэнтры ёсць сімуляцыйны цэнтр, дзе ўрачы могуць адпрацоўваць навыкі на 3D-мадэлях скроневых касцей, касцей носа і калянасавых сінусаў.
Новыя метады — у рэгіёны
Беларускія медыкі супрацоўнічаюць з замежнымі калегамі, у прыватнасці, са спецыялістамі Санкт-Пецярбургскага НДІ вуха, горла, носа і маўлення, Ташкенцкага
рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра отарыналарынгалогіі. У найбліжэйшай перспектыве ў рамках праграмы Саюзнай дзяржавы будзе ажыццяўляцца навукова-даследчая работа па распрацоўцы біядэградавальных насавых і вушных тампонаў. Яны самастойна рассмоктваюцца, і пацыент пазбаўлены болю ад іх выдалення.
Медыкі і навуковыя супрацоўнікі цэнтра працуюць у галіне імпартазамяшчэння, у прыватнасці над стварэннем шунтоў для дрэнажу і аэрацыі барабаннай поласці, пратэзаў слыхавых костачак, якія, у прыватнасці, могуць быць надрукаваны на 3D-прынтары. Навуковы аддзел дзейнічае тут з 2009 года. У цяперашні час гэта больш як 30 супрацоўнікаў, у тым ліку два дактары медыцынскіх навук і 11 кандыдатаў медыцынскіх навук. Штогод яны распрацоўваюць больш за паўтара дзясятка інструкцый па прымяненні новых метадаў лячэння, якія ў далейшым прымяняюцца ў медустановах краіны. Напрыклад, толькі сёлета ў рэгіёнах зацверджана 167 актаў укаранення метадаў, распрацаваных у цэнтры. Штогод распрацоўваюцца і новыя клінічныя пратаколы аказання медыцынскай дапамогі пры лор-хваробах.
— За апошнія 15 гадоў ні адзін пацыент з лор-паталогіяй не выехаў за межы краіны для лячэння. Уся неабходная дапамога аказваецца ў Беларусі. Уявіце, наколькі Беларусь сацыяльна арыентаваная краіна: усе расходныя матэрыялы — як неімплантаваныя (слыхавыя апараты, моўныя працэсары), так і імплантаваныя (кахлеарныя імпланты, пратэзы слыхавых костачак) — для пацыентаў на бязвыплатнай аснове. Што датычыцца кахлеарнай імплантацыі, то дзецям кожныя 5 гадоў за кошт дзяржаўных сродкаў мяняецца вонкавая частка. А летась па нашай ініцыятыве было прынята рашэнне мяняць моўныя працэсары і дарослым — раз на 10 гадоў, — кажа дырэктар РНПЦ отарыналарынгалогіі, галоўны пазаштатны отарыналарынголаг Міністэрства аховы здароўя Мікалай ГРЭБЕНЬ.
З лор-захворваннямі прыязджаюць да беларускіх медыкаў пацыенты не толькі з краін СНД, але і далёкага замежжа — Ізраіля, ЗША і іншых краін.
Алена КРАВЕЦ,
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА