Top.Mail.Ru

Беларускія мультыплікатары перамаглі на міжнародным кінафоруме «Залаты Віцязь»

Анімацыйны фільм «Правільныя правілы» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» перамог у намінацыі «Лепшы фільм для дзяцей і падлеткаў» на міжнародным кінафоруме «Залаты Віцязь». Аб гэтым расказала мастацкі кіраўнік студыі анімацыйных фільмаў Алена Турава.



«Гэта ўзнагарода, можна сказаць, усяго калектыву нашай невялікай студыі анімацыйных фільмаў, таму што над праектам працавалі пяць рэжысёраў і вялікая колькасць мастакоў-пастаноўшчыкаў. „Правільныя правілы“ — альманах, які складаецца з 20 розных кароткіх гісторый, якія дапамагаюць маленькім дзецям паводзіць сябе правільна ў розных складаных сітуацыях, інакш кажучы, дзеляцца з імі навыкамі бяспечнага жыцця», — адзначыла Алена Турава.

«Галоўны персанаж — разумны кот, які ў той ці іншай сітуацыі паводзіць сябе вельмі па-рознаму. У нас атрымаўся яркі, зразумелы, даступны і карысны мультфільм для самага малодшага ўзросту. Рабілі мы яго каля года, і задача была справіцца хутка, таму праект падзялілі на многіх выканаўцаў, але гісторыі былі аб’яднаны стылістычна», — растлумачыла яна.

Паводле яе слоў, асабліва ганарова атрымаць прыз у намінацыі «Лепшы фільм для дзяцей і падлеткаў», бо журы ў намінацыі традыцыйна складаецца з дзяцей. У бягучым годзе ў яго ўвайшлі вучні школы мастацтваў Севастопаля. Яны сур’ёзна падышлі да работы і доўга раіліся, каб выбраць лепшую карціну.

«Мяне вельмі парадавала і натхніла тое, што іх меркаванне было абсалютна аднагалосным. Цікава, што ў бягучым годзе нікому не прысудзілі ні золата, ні бронзу, але нам прысудзілі серабро, — дадала Алена Турава. -Тром расійскім карцінам далі дыпломы за розныя дасягненні: аператарскую работу, захапляючы сюжэт, лепшае выкананне дарослай ролі ў дзіцячым фільме, але толькі мы апынуліся на п’едэстале».

Пры гэтым анімацыйная студыя не запавольвае работу. Цяпер у запуску знаходзяцца дзве поўнаметражныя стужкі. «Дзяўчынка і трактар» — фэнтэзі-фільм пра сяброўства беларускай школьніцы, захопленай тэхналогіямі, і Мутузіка — трактара будучыні, які мае нейрасістэму, гэта значыць здольны думаць, адчуваць эмоцыі, кантактаваць з чалавекам, які ім кіруе, калі яны знаходзяць нешта агульнае. Гэта гісторыя пра сяброўства, дзе галоўныя героі імкнуцца выйграць міжнароднае ралі, хоць ім і спрабуюць перашкодзіць. Выпуск фільма плануецца прыкладна праз год. Над ім працуе рэжысёр Канстанцін Андрушачкін.

«Над фільмам пад рабочай назвай „Агеньчык і яго каманда“ працуе рэжысёр Аляксандр Ленкін. Гэта гісторыя пра сяброўства хлопчыка і маленькага шчаняці, выратаванага ў час пажару. Шчаня і хлопчык трэніруюцца, каб адпавядаць навыкам самых знакамітых сабак-ратавальнікаў, якія працуюць у МНС. І хоць у шчаняці не ўсё адразу атрымліваецца, сяброўства, настойлівасць і імкненне да перамогі дапамагаюць ім дасягнуць вышынь у гэтай справе», — падкрэсліла Алена Турава.

У планах студыі ёсць і фэнтэзі-праект «Тайны Александрыі» пра школу чараўнікоў у беларускім лесе. «Акрамя таго, мы не пакідаем ідэю прадаўжаць серыял „Ваўчок“. Першаму сезону быў дадзены нядрэнны старт, і я спадзяюся, што гэты серыял прадоўжыцца», — рэзюмавала мастацкі кіраўнік студыі анімацыйных фільмаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у X
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю