Беларускія мытнікі спынілі ўвоз на тэрыторыю ЕАЭС найбуйнейшай у гісторыі Беларусі партыі ўзрыўчаткі. Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце.
Падобнае на гексаген
580 кілаграмаў асабліва магутнага выбуховага рэчыва замежнай вытворчасці спрабаваў правезці праз беларуска-польскую граніцу і далей транспартаваць у Расію 41-гадовы вадзіцель. Ён рухаўся праз пункт пропуску «Брэст» на транспартным сродку Mercedes. На падставе сістэмы аналізу рызык мытнікі накіравалі аўто на сканіраванне з прымяненнем інспекцыйна-надгляднага комплексу.
На сканаграме ўбачылі нехарактэрныя зацямненні ў вобласці падлогі аўтамабіля, а таксама ў сценцы, якая падзяляе грузавы і пасажырскі адсекі. Далей — паглыблены надгляд, у выніку якога быў зроблены частковы дэмантаж падлогі і сценкі аўтамабіля. Гэтыя месцы аказаліся цалкам напоўнены тоўстым пластом рэчыва.
«Было выяўлена рэчыва светла-шэрага і светла-жоўтага колеру. У далейшым было прынята рашэнне адправіць дадзенае рэчыва ў мытную лабараторыю, дзе ўжо эксперт вызначыў, што яно з’яўляецца небяспечным выбуховым рэчывам на аснове ТЭН (пентаэрытрытэтранітрат. — Рэд.), якое па характарыстыках падобнае на гексаген», — паведаміў начальнік Брэсцкай мытні Сяргей ЯКУТА.
Як мяркуецца, выбуховае рэчыва спрабавалі схаваць, накрыўшы яго вібрашумаізаляцыйнымі лістамі і лістамі ДСП. Для таго, каб на яго не зрэагавалі службовыя сабакі, унутраныя краі кузава апрацавалі тэхнічнай змазкай. Рэчыва было вынята з прыцягненнем кампетэнтных спецыялістаў.
Кіроўцу затрымалі. У дачыненні да зламысніка і іншых пакуль неўстаноўленых асоб узбуджана крымінальная справа. Мужчыну можа пагражаць да 10 гадоў турмы.
Надзейны шчыт
Беларускія спецыялісты працягваюць сістэмную работу па процідзеянні рэальным пагрозам. З такой заявай выступіла прэс-служба МЗС Беларусі, каментуючы спробу ўвозу ўзрыўчаткі на тэрыторыю краіны.
«Беларуская мытная служба прадухіліла ўвоз на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы найбуйнейшай у гісторыі нашай краіны партыі выбуховых рэчываў. Гэта лагічны працяг паслядоўнай і адказнай палітыкі Беларусі па забеспячэнні бяспекі агульнасаюзных граніц. У той час як польскія калегі сканцэнтраваны на пытаннях кантролю за міграцыйнымі патокамі, дэкларуючы стварэнне „самай абароненай граніцы ў Еўропе“, беларускія спецыялісты прадаўжаюць сістэмную работу ў процідзеянні рэальным пагрозам. Прычым, як мы бачым, і за сябе, і за польскі бок», — адзначылі ў ведамстве.
У прэс-службе падкрэслілі, што прафесіяналізм і аператыўнасць беларускіх мытных органаў дазволілі не толькі канфіскаваць небяспечныя матэрыялы, але і сарваць патэнцыяльныя планы іх прымянення. «Прадухіленне траплення гэтых матэрыялаў у рукі зламыснікаў выключыла магчымасць рэалізацыі сцэнарыяў, якія маглі прывесці да масавых ахвяр і разбурэнняў. Перамяшчаючыся праз некалькі дзяржаў Усходняй Еўропы, грузавік цудам не стаў бомбай запаволенага дзеяння, пра якую нават не падазравалі жыхары ЕС. Што, калі б выпадковая іскра, ДТЗ ці ўдар маланкі ператварылі злашчасны транзіт у катастрофу?» — задалі рытарычнае пытанне ў міністэрстве.
Як заўважыў у эфіры «Альфа Радыё» дэкан факультэта журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей БЯЛЯЕЎ, «Беларусь — гэта сёння такі шчыт, які закрывае заходнія граніцы Расіі, які дапамагае, як фільтр, адсякаць вось такія пагрозы». «І, вядома, гэта прыемна, што нашы адпаведныя службы працуюць добра, — адзначыў Аляксей Бяляеў. — Мы ж перыядычна чуем не толькі аб спробах правозу ўзрыўчаткі, але і ўзбраення, і ўсяго астатняга, аб раскрыцці розных тэрарыстычных груп. Беларускія сілавікі, скажам шчыра, дасягнулі высокага ўзроўню ў выяўленні, прагназаванні і спыненні такіх пагроз».
Наўмысная памылка
Перасячэнне польскай мытні грузавіком з узрыўчаткай наўрад ці было выпадковасцю. Такім меркаваннем з БелТА падзяліўся польскі экс-суддзя Томаш ШМІТ. «Тое, што аўтамабіль з выбуховым рэчывам праехаў па тэрыторыі Польшчы, магло адбыцца. Праверкі не вельмі дакладныя, і ў цэлым прысутнічае беспарадак. Можна згадаць гісторыю са скрадзенымі ваеннымі процітанкавымі мінамі, якія пазней знайшлі на складзе адной з крам. Інакш арганізавана справа на граніцы з Беларуссю і Расіяй. Там праверкі вельмі сур’ёзныя. Дакладна гэтак жа, як на самім пагранічным пераходзе. Рэнтген аўтамабіля, яго праверка спецыяльна навучанымі сабакамі і некаторыя іншыя метады, якія я не буду раскрываць, з’яўляюцца стандартнымі працэдурамі», — адзначыў Томаш Шміт.
Ён не верыць у тое, што польскія пагранічнікі зрабілі такую памылку і выпадкова прапусцілі машыну з узрыўчаткай. «Можна выказаць меркаванне, што гэта было зроблена наўмысна. Пытанне толькі ў тым, чый гэта быў загад і на якім узроўні яго аддалі. Польскія спецслужбы актыўна супрацоўнічаюць з украінскімі. Пры гэтым узрыўчатка павінна была трапіць на тэрыторыю Расіі», — падкрэсліў польскі экс-суддзя.
Томаш Шміт таксама выказаў меркаванне, што вадзіцель гэтага грузавіка — усяго толькі інструмент, які бязлітасна выкарыстаны польскімі і ўкраінскімі спецслужбамі. «Для гэтых людзей не мае значэння жыццё простых людзей», — рэзюмаваў ён.