Як праінфармаваў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Антон БЫЧКОЎСКІ, польскі бок плануе адкрыць граніцу з 1.00 25 верасня па беларускім часе. «Размова ідзе пра аўтадарожныя пагранпераходы «Брэст» — «Цярэспаль» і «Казловічы» — «Кукурыкі», а таксама чатыры чыгуначныя пункты пропуску: «Гродна» — «Кузніца-Беластоцкая», «Бераставіца» — «Зубкі Беластоцкія», «Свіслач» — «Сямёнаўка» і «Брэст» — «Цярэспаль», — удакладніў ён.
Яшчэ да адкрыцця польскай граніцы супрацоўнікі Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі пачнуць афармляць транспарт.
«Змены беларускіх мытнікаў у пунктах пропуску ўкамплектаваны і ўзмоцнены для афармлення максімальна магчымай колькасці чыгуначнага транспарту, грузавікоў, легкавых аўто і аўтобусаў, што рухаюцца праз беларуска-польскую граніцу, — адзначыла афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага мытнага камітэта Алена ХАНЦЭВІЧ. — Мытнае афармленне транспартных сродкаў, якія ад’язджаюць, у аўтадарожных пунктах пропуску беларускі бок пачне загадзя, з 23.00, з мэтай іх аператыўнага выбыцця пасля афіцыйнага адкрыцця польскім бокам руху. Чыгуначныя саставы для выбыцця на польскі бок будуць афармляцца ў мытных адносінах таксама загадзя, па меры падачы іх Беларускай чыгункай».
Вераніка КАНЮТА