Top.Mail.Ru

Беларускія навукоўцы — пра ўкараненне сучасных навуковых распрацовак у сельскую гаспадарку краіны

Жніво ў разгары, а рапс ужо амаль убралі. Ураджайнасць гэтай культуры у параўнанні з мінулым годам вырасла на 6 цэнтнераў з гектара. Чакаецца, што сёлета Беларусь дасягне 28 ц/га, 
і ў сярэднім па Беларусі вал рапсу будзе больш за мільён тон алейнага семені.


— Гэта сярэднееўрапейскі ўзровень ураджайнасці рапсу, — паведаміў генеральны дырэктар РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве» Сяргей КРАЎЦОЎ. — У Еўропе летась ураджайнасць рапсу была на ўзроўні 29 ц/га.

Айчынных сартоў становіцца больш

Рапс — азімы і яравы — адна з самых маладых для нашай краіны культур. Яна вырошчваецца ў Беларусі ўсяго 40 гадоў, і яшчэ 20 гадоў таму ўраджайнасць рапсу не перавышала 10 ц/га, сказаў ён. Але ў апошнія 20 гадоў у гэтым кірунку быў зроблены сур’ёзны рывок. У тым ліку гэта вынік сур’ёзнай навуковай працы.

— Было раяніравана больш за 10 сартоў рапсу, і сёлета ўжо раяніравана два айчынныя сарты азімага і два сарты яравога рапсу, — расказаў Сяргей Краўцоў. — Упершыню ў нас з’явіліся гібрыды айчыннай селекцыі. Гібрыд «Днепр» раяніраваны па ўсёй Рэспубліцы Беларусь. На селекцыю гібрыдаў рапсу спатрэбілася больш за 15 гадоў. Сёння мы ведаем, як атрымліваць айчынныя гібрыды, і, як вынік, 7 гібрыдаў яравога і азімага рапсу праходзяць сортавыпрабаванні.


Гендырэктар НПЦ НАН па земляробстве падкрэсліў:

— У 2026 годзе ў нас рэкорд: раяніравана 26 сартоў розных сельскагаспадарчых культур. Гэта, у прыватнасці, два сарты азімай пшаніцы, у тым ліку «Айлін» для высокаўрадлівых зямель. Яго ўраджайнасць дасягае 131 ц/га ў нашых агракліматычных умовах.

Вялікая ўвага надаецца селекцыі азімага ячменю, дадаў навуковец.

— Зараз праходзяць парады, дзе селекцыянеры заяўляюць перадачу сартоў на 2027 год на дзяржсортавыпрабаванне. Мы перададзім каля 30 сартоў, якія павінны валодаць высокімі гаспадарча-карыснымі прыкметамі і пластычнасцю да агракліматычных умоў.

Свая тэхніка бліжэй да поля

Як расказаў генеральны дырэктар РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» Дзмітрый КОМЛАЧ, сёння на палях Беларусі 86,2 % збожжаўборачных камбайнаў — айчыннай вытворчасці. А ў цэлым, працуе 6,8 тыс. збожжаўборачных камбайнаў. Сучасныя беларускія камбайны аснашчаны бартавымі камп’ютарамі з сэнсарнымі экранамі: дазваляюць назіраць у рэжыме рэальнага часу за станам і функцыянальнымі асаблівасцямі вузлоў камбайна, кантраляваць рабочыя органы, рухавік і трансмісію, ход выканання рабочых і сэрвісных аперацый, інфармуюць аб узнікненні аварыйных сітуацый. У кабіне маецца відэасістэма, якая дазваляе камбайнеру бачыць цяжкадаступныя зоны і сачыць за працэсамі, не выходзячы з кабіны. І, вядома, ёсць тэхналогіі, накіраваныя на палягчэнне ўмоў працы: мікраклімат, сістэма дакладнага кіравання і г. д. І ўсё ж пакуль што (а магчыма, ніколі) тэхналогіі не заменяць чалавека, яго прафесіяналізм і добрасумленнасць.

— «Разумныя» сістэмы не забяспечваюць своечасовую ачыстку камбайна, наладку і рэгуляванне ў залежнасці ад умоў, — рэзюмаваў навуковец.

Ён падкрэсліў: згодна з нарматыўнымі патрабаваннямі, дапушчальны ўзровень страт збожжа складае не больш за 0,5 %. Але пры добрым паспяванні страт можна і зусім пазбегнуць. Пры ўборцы палегліцы сучасныя камбайны таксама дазваляюць мінімізаваць страты (іх дапушчальны ўзровень па нарматывах — не больш за 1,5 %).

Агрэст — амаль усюды беларускі

Адзін з ключавых кірункаў для беларускіх селекцыянераў — стварэнне новых сартоў ягадных культур, як традыцыйных, так і малараспаўсюджаных. Гэтым займаюцца навукоўцы Інстытута пладаводства. Важны крытэрый — адаптыўныя і высокапрадуктыўныя сарты, прыдатныя для механізаванай уборкі: менавіта гэтага патрабуе сучаснае прамысловае садоўніцтва, распавёў дырэктар РУП «Інстытут пладаводства» Аляксандр ТАРАНАЎ.

Генафонд ягадных культур у калекцыі Інстытута пладаводства — больш за 80 відаў (каля 1,5 тыс. сортаўзораў). Гэта чорныя парэчкі (больш за 210 узораў), агрэст (больш за 360 узораў), суніцы садовыя (больш за 180 узораў), а таксама бружмель (больш за 125 узораў) і маліны (80 узораў). Прадукцыйнасць суніц — парадку 20 тон з га, малін — каля 12 тон з га (18 тон з га — рэмантантныя сарты), парэчак — каля 12 тон з га.

Для кожнай культуры — свой кірунак селекцыі. Напрыклад селекцыя суніц садовых прадугледжвае ў першую чаргу адбор па прыкметах, неабходных для атрымання сартоў нейтральнага светлавога дня, а таксама рэмантантных (якія паўторна квітнеюць з плоданашэннем). Што датычыцца малін, чатыры гады таму дзякуючы гранту кіраўніка дзяржавы створаны два рэмантантныя сарты, а ў мінулым годзе ў Дзяржрэестр уключаны сорт малін «Вераснёвыя». Такім чынам, у Дзяржрэестры сёння ўжо 5 беларускіх сартоў малін. А першы беларускі сорт суніц садовых для вырошчвання ў абароненым грунце будзе перададзены на сортавыпрабаванне ўжо найбліжэйшым часам (2026–27 гг.), праінфармаваў Аляксандр Таранаў. «На падыходзе» — 2 сарты чорных парэчак, 2 сарты бружмелю і 2 сарты рэмантантнай маліны. Найбольшых поспехаў селекцыянеры дабіліся ў дачыненні да парэчак і агрэсту. Сарты чорных парэчак айчыннай селекцыі складаюць у Дзяржрэестры 70 %, 80 % — сарты парэчак чырвоных і белых. А беларускія сарты агрэсту займаюць у Дзяржаўным рэестры больш за 90 %.


Селекцыю малараспаўсюджаных культур у РУП «Інстытут пладаводства» лічаць адным з важных кірункаў работы. Размова пра актынідыю, іргу, каліну, лімоннік кітайскі, барбарыс, глог, чаромху, шаўкоўніцу. Яшчэ нядаўна сюды прылічвалі буякі, абляпіху, бружмель сіні, вінаград. Але сёння гэтыя культуры актыўна вырошчваюцца па ўсёй краіне.

— У мінулым годзе на сортавыпрабаванне быў перададзены айчынны сорт вінаграду «Мушкат Мінскі», а сёлета ў Дзяржрэестр уключаны беларускі сорт вінаграду «Ларэт», — канстатаваў дырэктар РУП «Інстытут пладаводства».

Плюсы і мінусы пацяплення

У апошнія гады тэмпературны рэжым спрыяў расцягнутаму перыяду вегетацыі і фарміраванню высокага ўраджаю. Але ў глабальнага пацяплення ёсць і адваротны бок: насякомыя-шкоднікі лепш перажываюць зіму, раней уступаюць у фазу размнажэння і, адпаведна, іх шкоднасць узрастае. Абарона сельскагаспадарчых раслін ад шкоднікаў — адно з ключавых пытанняў для аграрнай навукі.

— Энтамалагічная абстаноўка на палях змяняецца, — падкрэсліў дырэктар РУП «Інстытут абароны раслін» Аляксандр ЗАПРУДСКІ. — Капусная моль, якая раней давала 
3-4 пакаленні, цяпер стала больш актыўная, і гэта патрабуе асаблівай увагі пры апрацоўцы азімага рапсу, — прывёў прыклад навуковец.

У сувязі з кліматычнымі зменамі актывізаваліся хрушчы — яны небяспечныя не толькі для бульбяных насаджэнняў, але і для маладых садоў. Барацьба з гэтымі шкоднікамі таксама адзін з кірункаў работы Інстытута абароны раслін (рэкамендацыі навукоўцаў публікуюцца на афіцыйным сайце). Небяспеку ўяўляюць і так званыя «шкоднікі запасаў» — у першую чаргу свіраныя даўганосікі і збожжавыя тачыльшчыкі, якія здольны нанесці шкоду на ўзроўні страты 15 % запасаў зерня. Шкода гэтая не толькі прамая, але і ўскосная, падкрэсліў вучоны: назапашванне таксінаў і распаўсюджванне вірусных захворванняў.
У барацьбе з шкоднікамі палёў ключавая роля належыць правільнай перадпасяўной падрыхтоўцы, адзначыў Аляксандр Запрудскі.


— Пры ўзворванні і абароце пласта наверх выварочваюцца лічынкі, і птушкі становяцца натуральнымі рэгулятарамі колькасці шкоднікаў, — канкрэтызаваў ён.
Не варта скідаць з рахункаў перадпасяўную апрацоўку насення і адказны падыход да агратэхнікі вырошчвання кожнай культуры. У дапамогу традыцыйным аграпрыёмам — тэхналогіі інавацыйныя. Так, у 2025 годзе ў супрацоўніцтве з Інстытутам механізацыі завершаны праект па ацэнцы эфектыўнасці прымянення інсектыцыдаў з дапамогай беспілотных лятальных апаратаў. Сёння методыка ўкараняецца ў практыку.

Што датычыцца шкоднікаў запасаў, навукоўцы працуюць над найбольш эфектыўнымі методыкамі па маніторынгу аб’ектаў, дзе захоўваюцца запасы сельгаспрадукцыі. Усе гэтыя меры дазваляюць стрымліваць энтамалагічную сітуацыю на эканамічна бяспечным узроўні, заключыў Аляксандр Запрудскі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю