Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі займаецца распрацоўкай клетачных прадуктаў, якія прымяняюцца для лячэння раку, цукровага дыябету, алергіі і аўтаімунных паталогій, неўралагічных захворванняў, у прыватнасці такіх, як рассеяны склероз і бакавы аміятрафічны склероз. На лячэнне ў інстытут прыязджаюць не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з Расіі і іншых краін.
Унікальны досвед
Сем клетачных прадуктаў ужо зарэгістравана, яшчэ дзевяць знаходзяцца на стадыі рэгістрацыі. Спецыялісты інстытута распрацавалі і 32 інструкцыі па прымяненні, у якіх выкладзены метады лячэння пацыентаў з выкарыстаннем клетачных тэхналогій. Важным партнёрам у гэтым з’яўляецца Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.
Клетачная тэрапія — дастаткова новы кірунак у медыцыне. У свеце ён развіваецца ўсяго тры-чатыры дзесяцігоддзі. Лідары тут такія краіны як Ізраіль, Кітай, Канада. У Беларусі клетачныя тэхналогіі актыўна выкарыстоўваюцца на працягу дзесяці гадоў. Яны прымяняюцца для лячэння соцень пацыентаў амбулаторна на базе аддзялення клетачнай тэрапіі Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі. Акрамя таго, клетачныя прадукты перадаюцца і арганізацыям Міністэрства аховы здароўя, дзе выкарыстоўваюцца для больш цяжкіх пацыентаў, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні.
— Для лячэння анказахворванняў і цукровага дыябету выкарыстоўваюцца дэндрытныя клеткі. Адны з іх стымулююць імунітэт і дапамагаюць арганізму справіцца з хваробай. Іншыя — талерагенныя дэндрытныя клеткі — наадварот падаўляюць імунную рэактыўнасць у адносінах да пэўных антыгенаў і прымяняюцца для барацьбы з аўтаімуннымі хваробамі, у прыватнасці, цукровым дыябетам 1-га тыпу, — расказвае дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі Андрэй ГАНЧАРОЎ.
Дарэчы, лячэнне талерагеннымі дэндрытнымі клеткамі цукровага дыябету — унікальная распрацоўка беларускіх навукоўцаў. Сам працэс іх атрымання і даследавання заняў 10 гадоў. Прыблізна столькі ж ідзе і распрацоўка іншых клетачных прадуктаў.
Змагацца з хваробай
Розныя паталогіі патрабуюць сваіх варыянтаў лячэння і пэўнай яго працягласці. Тэрапія астэаартрозу, напрыклад, — гэта ўсяго адна ін’екцыя клетачнага прадукту ў сустаў.
— Часам пацыенты да нас вяртаюцца, бо яны бачаць вынік і хочуць быць у добрай форме. І тое, што людзі да нас ідуць зноў, сведчыць — эфект ёсць, — кажа Ганна РУБАН, загадчык аддзялення клетачнай тэрапіі Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі.
Пры анкалагічных хваробах адзін курс дэндрытна-клетачнай імунатэрапіі ўключае ўвядзенне пяці доз клетачнага прадукту. Ён дазваляе ўзмацніць імунны адказ арганізма пры наяўнасці ў крыві пухлінных клетак. Адзін курс займае каля двух з паловай месяцаў. Спачатку ў пацыента забіраюць кроў з вены, яе апрацоўваюць і на працягу тыдня рыхтуюць клеткі, пасля чаго імунабіялагічны прадукт уводзяць.
Пры раку таксама выкарыстоўваецца тэрапія цытакін-індуцыраванымі кілернымі клеткамі. Тут больш доўгі працэс падрыхтоўкі клетак — каля двух тыдняў над імі працуюць біятэхнолагі. А прэпарат уводзіцца ўсяго адзін раз у месяц. Такое лячэнне можа доўжыцца 10 месяцаў.
— У лячэнні анкалагічнага захворвання наша тэрапія дапаможная. Яна дазваляе падтрымліваць імунную сістэму і змагацца з хваробай. Дзякуючы такой тэрапіі нашы пацыенты жывуць даўжэй і ў іх лепшая рэмісія, — гаворыць Ганна Рубан.
Пры астэаартрозе ў пацыента бяруць тлушчавую тканку ў каляпупочнай вобласці — для гэтага патрэбна невялікая аперацыя. Біятэхнолагі вылучаюць з атрыманага матэрыялу ствалавыя клеткі, якія нарошчваюць да патрэбнай колькасці, затым іх уводзяць пацыентам. Ёсць магчымасць лішак клетак замарозіць, каб не паўтараць аперацыйнае ўмяшанне, а праз паўгода-год увесці іх зноў.
Таксама тут працуюць з пацыентамі з неўралагічнымі парушэннямі. Добрыя вынікі паказвае такая тэрапія пры хваробе маторнага нейрона, хваробе Паркінсона, рассеяным склерозе, бакавым аміятрафічным склерозе. Для такіх пацыентаў рыхтуюць мезенхімальныя ствалавыя клеткі, а матэрыялам для забору ў іх служыць касцявы мозг.
Пры цукровым дыябеце ў пацыента бяруць кроў з вены, апрацоўваюць адпаведным чынам, праз тыдзень уводзяць біямедыцынскі клетачны прадукт. Гэта дазваляе аблегчыць стан пацыента і палепшыць якасць жыцця.
Пры ўсіх варыянтах лячэння пацыентам уводзяцца ўласныя біялагічныя клеткі, таму ніякіх ускладненняў не бывае. Зрэшты, ёсць захворванні, пры якіх пацыентам патрабуецца ўвядзенне і чужых клетак. Гэта захворванні, якія складана паддаюцца лячэнню, напрыклад, сістэмная чырвоная ваўчанка ці сістэмны склероз. У такіх выпадках дапамагаюць клеткі некалькіх донараў.
Паддаецца нават алергія
Клетачная тэрапія прымяняецца і ў алергалогіі, напрыклад, у лячэнні алергічнага рыніту. Яго, на жаль, не заўсёды можна кантраляваць з дапамогай базіснай тэрапіі. Адзін з навуковых праектаў — лячэнне з дапамогай мезенхімальных ствалавых клетак. Быў вынайдзены адмысловы спосаб забору матэрыялу — у пацыента бяруць нюхальны эпітэлій поласці носа. Потым з яго вылучаюць ствалавыя клеткі і нарошчваюць іх да пэўнай колькасці. Пасля ўво-дзяць у поласць носа. Круглагадовая алергія — паказанні для такога метаду лячэння. Тэрапія дапамагае знізіць алергічныя праявы.
Сумесны праект інстытута з РНПЦ отарыналарынгалогіі — лячэнне паліпознага рынасінусіту. Выкарыстоўваюцца такія ж тэхналогіі, але іх прымяняюць хірургі ў месцы выдаленых паліпаў.
Сёлета спецыялісты пачынаюць новы праект — па лячэнні атапічнага дэрматыту. Праект разлічаны на дапамогу пацыентам з цяжкімі формамі хваробы — з пашкоджаннямі скуры, калі не дапамагае базісная і гарманальная тэрапія.
У інстытуце распрацаваны і ўнікальныя методыкі дыягностыкі алергій — правядзенне тэста актывацыі базафілаў, які дазваляе выявіць імунаглабулін-Е-залежную алергію. Асабліва гэта актуальна пры лекавай алергіі.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА