Прэпараты для лячэння анкалагічных захворванняў распрацоўваюць і ўкараняюць у вытворчасць навукоўцы Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук. Два гады таму, напрыклад, яны вынайшлі арыгінальную тэхналогію сінтэзу для двух таргетных прэпаратаў супраць раку печані і ныркі, што ўжо дазволіла наладзіць вытворчасць і субстанцый, і гатовых лекавых сродкаў. Гаворка ідзе пра так званыя інгібітары пратэінкіназ — рэчывы, якія ўмешваюцца ў метабалізм пухліннай клеткі і блакіруюць яе дзяленне. Аднак сфера навуковых інтарэсаў супрацоўнікаў інстытута нашмат больш шырокая — ад тэст-сістэм для прадуктаў харчавання і кармоў для жывёл да стымулятараў росту раслін. Яны запатрабаваны ў ахове здароўя, раслінаводстве, харчовай прамысловасці.
На аснове макрамалекул і ДНК
Вучоныя працуюць па 12 кірунках, якія знайшлі непасрэднае прымяненне на практыцы, хоць пачынаўся інстытут паўстагоддзя таму з чатырох фундаментальных кірункаў. Сучасная біяарганічная хімія — гэта прыкладная галіна на стыку цэлага шэрагу навуковых дысцыплін. Адзін з кірункаў, распрацоўка біялагічна актыўных малекул, якраз і паклаў пачатак стварэнню ўласнай фармвытворчасці. З 2008 года паспяхова працуе як адзін з участкаў інстытута навукова-вытворчы цэнтр «Хімфармсінтэз» — вытворчая пляцоўка, якая мае сертыфікат GMP. Першапачаткова яна была арыентавана на вытворчасць новых на той час прэпаратаў для нашай краіны — супрацьпухлінных фармсубстанцый.
І калі распачыналася справа непасрэдна з фармсубстанцый, то цяпер яна пашырана да выпуску гатовых лекавых формаў. Прычым гэта і ліяфілізіраваныя парашкі, і растворы. Такім чынам, на прадпрыемстве асвоілі даволі вузкую спецыялізацыю — ін’екцыйныя формы супрацьпухлінных сродкаў. Таксама быў створаны сектар, які вырабляе і цвёрдыя лекавыя формы — таблеткі і капсулы. Гэта таксама шэраг сучасных таргетных супрацьпухлінных сродкаў.
Працуюць навукоўцы і над яшчэ адным з сучасных відаў лячэння анказахворванняў — клетачнай тэрапіяй, гэта так званая CAR-T-тэрапія. У найбліжэйшай перспектыве плануюцца распрацоўкі па кан'югатах антыцелаў і высокатаксічных арганічных малекулах. Гэта таксама сродкі, якія прыпыняюць рост пухлін, і сёння яны атрымалі шырокую папулярнасць. Пакуль беларускія навукоўцы аналізуюць шляхі іх атрымання і перспектывы.
— Сёння мы вядзём размову аб распрацоўках інавацыйных лекавых сродкаў на аснове макрамалекул, малекул ДНК і бялкоў. У прыватнасці, на гэтую пяцігодку мы заклалі некалькі інавацыйных праектаў у рамках задачы, якую будзем выконваць у дзяржаўнай праграме. Сярод іншага гэта і сінтэз пептыдаў, якія валодаюць біялагічнай актыўнасцю, для стабілізацыі ўзроўню цукру ў крыві. Гэта малекулы ДНК, якія дазваляюць стымуляваць ангіягенез у канечнасцях, для таго каб палепшыць кровазварот. Сёння гэта актуальная праблема, якая можа прыводзіць да ампутацый канечнасцяў, — расказвае дырэктар Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі Аляксей ЯНЦЭВІЧ.
Вага — у нанаграмах, экспарт — у мільёнах
Што датычыцца вынікаў работы, то ў перыяд з 2021 да 2025 гадоў інстытутам рэалізавана больш чым 30 найменняў лекавых сродкаў і фармсубстанцый. Акрамя таго, розным арганізацыям былі аказаны паслугі на суму больш чым 100 мільёнаў рублёў. У цэлым аб’ём сродкаў ад пазабюджэтнай дзейнасці інстытута толькі за мінулы год склаў каля 27 мільёнаў рублёў. Калі казаць пра экспарт тавараў, то найперш карыстаюцца попытам гатовыя лекавыя формы супрацьпухлінных сродкаў. Летась яны актыўна экспартаваліся ў Расію — памер экспарту склаў каля 3 мільёнаў долараў.
Лепш зразумець, што стаіць за гэтымі лічбамі, дапамагае прыклад з яшчэ аднаго кірунку, над якім працуюць навукоўцы, — распрацоўка прэпаратаў для раслін, у прыватнасці рэгулятараў росту. Адна з распрацовак інстытута — оксіфітастэроіды, сярод якіх эфібрасіналіт. Гэта дзейнае рэчыва прэпарату эпін. Дзейнічае ён у настолькі невялікіх канцэнтрацыях (5 нанаграмаў на адну расліну), якія немагчыма ўзважыць ні на якіх вагах, як і ўбачыць вокам, а пад мікраскопам гэта ледзь заўважная пылінка.
— Без пестыцыдаў, як бы сёння ні была папулярная фермерская, арганічная гаспадарка, абысціся пакуль немагчыма. Наш інстытут засяроджаны на так званых прэпаратах «зялёнай хіміі». Гэта ні ў якім разе не атрутныя шкодныя рэчывы. Сучасныя прэпараты дзейнічаюць у малых колькасцях, не аказваючы шкоднага ўплыву на здароўе чалавека і жывёл, — расказвае Аляксей Янцэвіч.
Яшчэ адзін запатрабаваны кірунак, якім займаюцца ў інстытуце, — распрацоўка серыі імунааналітычных набораў для вызначэння і патагенных мікраарганізмаў прадуктаў харчавання. У прыватнасці, лабараторыя хіміі бялковых гармонаў, захаваўшы сваю кваліфікацыю і перайшоўшы, згодна з патрабаваннямі часу, да работы з імунаферментамі, знайшла цэлы шэраг прымяненняў. Гэта вызначэнне наяўнасці таксічных і непажаданых рэчываў у прадуктах харчавання і кармах для жывёл. У прыватнасці, тут распрацоўваюць тэст-сістэмы, якія дазваляюць вызначаць канцэнтрацыю антыбіётыкаў як у лабараторыях прадпрыемстваў і гаспадарак, так і правяраць прадукты на іх бяспеку на базе інстытута.
Інстытут біяарганічнай хіміі падтрымлівае навуковыя і дагаворныя сувязі з Расіяй, Кітаем, Індыяй, В’етнамам, Узбекістанам. У прыватнасці, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва з Расіяй арганізавана з шэрагам навуковых і адукацыйных устаноў. Гэта і абмен вопытам, і магчымасць працаваць на ўнікальным абсталяванні, што маецца ў краіне-суседцы. Практыкуюцца і ўзаемныя стажыроўкі і камандзіроўкі, якія дазваляюць весці навуковыя даследаванні і сумесныя праекты.
Алена КРАВЕЦ
Фото soyuz.by