Top.Mail.Ru

Беларускія палярнікі пачалі работу на станцыі ў Антарктыдзе

19-я Беларуская антарктычная экспедыцыя паспяхова прыбыла на беларускую антарктычную станцыю «Гара Вячэрняя» і пачала выкананне задач па дзяржаўнай праграме «Навука для эканомікі і грамадства» на 2026-2030 гады. Аб гэтым паведамілі БелТА ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук.

Пасля прыбыцця палярнікі правялі раскансервацыю аб’ектаў станцыі і забяспечылі стабільную спадарожнікавую сувязь. Ва ўрачыстай абстаноўцы ў гонар пачатку новага этапу даследаванняў і асваення тэрыторыі паднялі Дзяржаўны сцяг Беларусі і сцяг Нацыянальнай акадэміі навук.

У бліжэйшы час экспедыцыю чакае маштабная работа па падрыхтоўцы тэрыторыі і асобных пляцовак станцыі да прыёму генеральнага грузу. Плануецца, што ў пачатку снежня 2026 года на навукова-экспедыцыйным судне «Акадэмік Фёдараў» паступяць новыя аб’екты, уключаючы сучасны комплекс дызель-электрастанцыі і ўстановачную платформу для гаражнага бокса.

Беларускія вучоныя прадоўжаць правядзенне комплексных навуковых даследаванняў, накіраваных на вывучэнне ўнікальных прыродных працэсаў у Антарктыцы, а таксама будуць займацца далейшым развіццём інфраструктуры беларускай антарктычнай станцыі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю