Top.Mail.Ru

Беларускія парламентарыі сустрэліся з сербскімі калегамі

Курс — на працяг двухбаковага супрацоўніцтва


У Савеце Рэспублікі прайшла сустрэча членаў Савета Рэспублікі і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з дэпутатам Народнай скупшчыны Рэспублікі Сербія, членам парламенцкай групы дружбы з Беларуссю Іванам КАРЫЧАМ.

Такія міжпарламенцкія кантакты спрыяюць умацаванню сяброўскіх адносін Рэспублікі Беларусь з Рэспублікай Сербія на міждзяржаўным узроўні, адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей АЛЕЙНІК. «Адносіны, якія правераны часам, маюць даўнюю гісторыю, у якой прашытыя старонкі нашага гераічнага мінулага», — дадаў сенатар.


Падчас рабочай сустрэчы абмяркоўваўся шэраг тэм. Па-першае, далейшае развіццё палітычнага дыялогу паміж краінамі. «Уключаючы самы высокі ўзровень, — дадаў сенатар. — Кіраўнікі Беларусі і Сербіі ў 2024 годзе сустракаліся на палях Сусветнага саміту па барацьбе са змяненнем клімату ў Баку, намецілі канкрэтныя планы па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Прыемна адзначыць, што гэтыя планы знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі. У прыватнасці, летась адбылося чарговае пасяджэнне беларуска-сербскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, у рамках якога была ўзгоднена і падпісана дарожная карта нашага ўзаемадзеяння па розных кірунках на бліжэйшыя тры гады. І гэта — прамы вынік дамоўленасці лідараў нашых дзяржаў».

Актыўна развіваецца і гандлёва-эканамічная плоскасць, нягледзячы на санкцыйны ціск, які адчувае і Беларусь, і Сербія. Таксама прасоўваецца супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі. «Сёння гэта таксама было прадметам абмеркавання, — падкрэсліў Сяргей Алейнік. — У нас актыўна развіваюцца сацыяльна-гуманітарныя сувязі, супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, культуры». 

У якасці прыкладу культурнай дыпламатыі парламентарый нагадаў аб першым культурным візіце ў Рэспубліку Сербія члена Савета Рэспублікі, генеральнага дырэктара Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктара Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеба Лапіцкага ў лютым, дзе былі намечаны канкрэтныя планы па актывізацыі культурнага супрацоўніцтва паміж краінамі.

«Мы развіваем супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, — дадаў парламентарый. — На парадку дня сёння — актывізацыя супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя, прапрацоўваецца магчымасць падпісання адпаведнага пагаднення. І тут ёсць узаемная цікавасць, якая вынікае з візіту міністра аховы здароўя Сербіі ў нашу краіну, які адбыўся летась».


Асаблівую ўвагу падчас рабочай сустрэчы надалі развіццю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. «Усе вобласці Беларусі і горад Мінск маюць пабрацімскія адносіны з гарадамі і рэгіёнамі Рэспублікі Сербіі, — адзначыў сенатар. — У агульнай складанасці падпісана 17 пагадненняў аб партнёрстве і супрацоўніцтве на рэгіянальным узроўні. Вядома, гэта вельмі сур’ёзны патэнцыял для паглыблення як эканамічнага, так і сацыяльна-гуманітарнага, турыстычнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі».

Асобна абмеркавалі маладзёжны парадак дня, а дакладней наладжванне кантактаў і развіццё супрацоўніцтва паміж маладзёжнымі арганізацыямі нашых краін. Гаварылі і аб экалогіі, пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, прыродакарыстання і падтрымання чысціні і парадку ў гарадах Беларусі і Сербіі.

Адна з тэм, якой падчас сустрэчы ўдзялілі асаблівую ўвагу, — гістарычная памяць. Таму што сёлета і Беларусь, і Сербія будуць адзначаць сакральныя даты ў гісторыі абедзвюх краін. «6 красавіка — 85-годдзе з моманту нападзення фашысцкай Германіі на Югаславію, а 22 чэрвеня спаўняецца 85 гадоў з моманту нападзення фашысцкай Германіі на СССР, — сказаў Сяргей Алейнік. — Мы былі на адной лініі барацьбы з фашызмам і сёння працягваем адстойваць наш суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць, нацыянальныя інтарэсы ва ўмовах беспрэцэдэнтнага геапалітычнага ціску».

Дэпутат Народнай скупшчыны Рэспублікі Сербія, член парламенцкай групы дружбы з Беларуссю Іван Карыч падкрэсліў, што для Рэспублікі Сербія вельмі важна супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь. «У нас ёсць шматгадовая традыцыя супрацоўніцтва і сяброўства з вашай краінай, — дадаў Іван Карыч. — Ваша прадукцыя прыкметна вылучаецца ў добрым сэнсе. Мы ведаем і цэнім вашы самазвалы, трактары, а таксама калійныя ўгнаенні». 


Эканамічнае супрацоўніцтва з’яўляецца ключавым для Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча, адзначыў Іван Карыч. 

«Мы працуем над палітычнымі і эканамічнымі пытаннямі і ў парламенце, і ва ўрадзе, — дадаў ён. — Гандлёва-прамысловая палата Сербіі шмат увагі надае ўзаемаадносінам з Рэспублікай Беларусь. Калі будуць палегчаныя шляхі ўзаемадзеяння і камунікацыі, я маю на ўвазе транспартную камунікацыю, гэта аблегчыць і іншыя кірункі супрацоўніцтва, пра якія гаварылі нашы прэзідэнты».

Іван Карыч ад сябе асабіста і ад імя ўсяго сербскага народа падзякаваў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, які 14 красавіка 1999 года здзейсніў візіт у Югаславію, якая на той момант падвергнулася бамбёжкам з боку сіл НАТА. «Сербскі народ ніколі не забудзе і заўсёды будзе ўдзячны народу Беларусі і Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за тое, што падчас бамбардзіровак ён прыляцеў у Бялград і падтрымаў нас». 

Яна ВАЛАСАЧ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю