Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі ў ПА АБСЕ пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргея Рачкова брала ўдзел у 24-м зімовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ў Вене (Аўстрыя).
Выступаючы на пасяджэнні Агульнага камітэта ПА АБСЕ па палітычных пытаннях і бяспецы, Сяргей Рачкоў у рамках агульных дэбатаў агучыў бачанне беларускім бокам прычын беспрэцэдэнтнага крызісу бяспекі на прасторы АБСЕ.
«Калі сцісла — гэта грэбаванне ўзаемазалежнасцю, сумленнымі кампрамісамі і ўлікам інтарэсаў бяспекі адзін аднаго, а таксама адыход ад рэалістычнага погляду на існаванне сфер інтарэсаў і ўплыву, — сказаў Сяргей Рачкоў. — Нягледзячы на агульную канфрантацыйнасць атмасферы ў АБСЕ і яе структурах у апошнія гады, нам усім давядзецца сфакусіравацца на ключавых пытаннях, калі нам неабыякавы лёс нашай арганізацыі, калі мы хочам адвесці рэгіён ад апошняй рысы, да якой ён усё бліжэй».
Беларусь ніколі не несла пагрозы нікому са сваіх суседзяў, зазначыў парламентарый. «Аднак беспрэцэдэнтныя аднабаковыя прымусовыя меры краін Захаду супраць Беларусі, безагляднае пашырэнне прасторы НАТА, нарошчванне ваеннага патэнцыялу і актывізацыя ваенных вучэнняў каля нашых меж — усё гэта прымушае нас быць прагматыкамі ў ацэнцы гэтых пагроз. Тым больш мы не прымаем спробы, у тым ліку пад прыкрыццём АБСЕ, дыктаваць нам, з кім сябраваць і якіх лідараў выбіраць. Наша дэлегацыя абвяргае ацэнкі сітуацыі ў Беларусі, якія прагучалі ў выступленнях, як не адпаведныя рэальнаму становішчу. Мы паслядоўна і празрыста для міжнароднай супольнасці прымаем вымушаныя меры ў адказ па ўмацаванні ўласнай бяспекі, — падкрэсліў ён. — Гэтак жа паслядоўна мы імкнёмся рабіць унёсак у рэгіянальную бяспеку. Ужо другі год запар Мінск прыняў міжнародную канферэнцыю па еўразійскай бяспецы, прадэманстраваўшы, што мы здольныя ствараць умовы для выпрацоўкі прынцыпаў нашага мірнага суіснавання як у Еўропе, так і ў Еўразіі. Гэтак жа адказна мы падышлі і да арганізацыі канферэнцыі па нелегальнай міграцыі ў Мінску, запрасіўшы ў тым ліку і ўсіх нашых заходніх суседзяў. Іх самаўстараненне ад прапанаванага дыялогу гаворыць само за сябе».
«Больш за тое, захоўваючы дух Хельсінкі і дух Сан-Францыска, мы працягнулі развіваць ініцыятыву Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXІ стагоддзі. Беларусь бачыць гэты дакумент усебаковым і ўсёабдымным, які не супярэчыць Статуту ААН, каб садзейнічаць фарміраванню глабальнага кансэнсусу ў сферы бяспекі. І ў ім павінны быць выкладзены прынцыпы, на якіх усе дзяржавы гатовы будаваць у далейшым мірны парадак. Для прапаноў і дыскусій мы адкрыты», — дапоўніў Сяргей Рачкоў. Ён нагадаў, што сёлета адзначаецца 80-годдзе Вялікай Перамогі над нацызмам, што надае асаблівае значэнне аб’яднальнаму парадку дня ў АБСЕ і сумесным намаганням па пераадоленні выклікаў сучаснасці.
Алег Румо, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, выступіў на пасяджэнні Агульнага камітэта ПА АБСЕ па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі.
Парламентарый засяродзіў увагу калег на фактары, які ў істотнай меры перашкаджае ўмацаванню гэтай бяспекі, тармозіць эканамічны рост і ўстойлівае развіццё ў рэгіёне АБСЕ. Гэта — санкцыі і аднабаковыя прымусовыя меры. «У апошнія гады Беларусь падвяргаецца беспрэцэдэнтнаму масіраванаму знешняму ціску з выкарыстаннем шырокага спектра дыскрымінацыйных мер. Пазіцыя нашай краіны адносна такіх мер была і застаецца нязменнай: санкцыі незаконныя з пункту гледжання міжнароднага права і Статута ААН. Яны супярэчаць асноўным прынцыпам АБСЕ, наносяць урон эканамічным інтарэсам і дабрабыту дзяржаў і народаў і не садзейнічаюць вырашэнню супярэчнасцяў і вострых праблем. Наадварот, яны толькі пагаршаюць іх», — сказаў Алег Румо.
Парламентарый звярнуў увагу на дзеянні Еўракамісіі ў 2024 годзе па ўвядзенні фактычна забаронных пошлін на беларускую і расійскую сельскагаспадарчую прадукцыю пры іх імпарце ў краіны Еўрасаюза. Гэтыя дзеянні, відавочна, ідуць насуперак прынцыпам і абавязацельствам АБСЕ.
Ад імя беларускага боку Алег Румо заклікаў дзяржавы — удзельніцы АБСЕ адмовіцца ад выкарыстання аднабаковых прымусовых мер, якія супярэчаць духу і прынцыпам арганізацыі. Мінск разглядае ўзаемапаважлівы дыялог як адзіны шлях для збліжэння пазіцый і пошуку сумесных рашэнняў праблем.
Пры гэтым парламентарый заўважыў, што мэты прывядзення эканомікі Беларусі да калапсу санкцыі не дасягнулі.
«ВУП Беларусі расце, мы дыверсіфікуем наш экспарт, устойліва ідзём па шляху імпартазамяшчэння і забеспячэння тэхналагічнай незалежнасці. Разам з тым прызнаём, што без санкцый наша эканамічнае развіццё было б больш дынамічным. Гэтак жа зразумела, што з-за рэстрыкцый пакутуюць і самі еўрапейцы», — сказаў ён.
І падкрэсліў, што са свайго боку Беларусь гатовая ўносіць уклад у вырашэнне сусветнага харчовага крызісу, цалкам падтрымлівае намаганні, накіраваныя на развіццё, і задзейнічанне значнага патэнцыялу АБСЕ для ўмацавання агульнай бяспекі.
Паводле БелТА і прэс-службы Савета Рэспублікі