У Беларусі добра ведаюць творчую і навуковую каманду Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. Аўзэва пры Камітэце па навуцы Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан. Менавіта гэтая навукова-даследчыцкая пляцоўка найперш спрыяе развіццю беларуска-казахскіх літаратурных сувязяў на сучасным этапе.
Супольная праца літаратуразнаўцаў, культуролагаў, пісьменнікаў з Алматы з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, беларускімі кніжнымі выдавецтвамі спрыяе нараджэнню новых кніг, арганізацыі розных пляцовак для дыялога пра культуру і літаратуру.
Днямі шэраг беларускіх пісьменнікаў адзначаны дыпломамі Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. Аўзэва «за значны ўклад у развіццё культурнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Казахстан і Рэспублікай Беларусь, умацаванне казахска-беларускіх літаратурных сувязяў, пашырэнне гуманітарнага дыялога і папулярызацыю нацыянальных літаратур у міжнароднай культурнай прасторы». Узнагароды атрымалі дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» празаік, паэт Алесь Бадак, старшыня секцыі мастацкага перакладу Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт, перакладчык Рагнед Малахоўскі, галоўны рэдактар часопіса «Полымя», старшыня секцыі паэзіі СПБ Віктар Шніп, намеснік старшыні СПБ, галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» перакладчык Аляксей Чарота, празаік, паэт Валерый Казакоў, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт, празаік, перакладчык, дзіцячы пісьменнік Міхась Пазнякоў. Падзею каменціруе загадчык аддзела міжнародных сувязяў і сусветнай літаратуры Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. Аўзэва кандыдат філалагічных навук Святлана Ананьева: «Мы рады супрацоўніцтву з беларусамі. Ведаем, што ў казахскай літаратуры ў Мінску ёсць надзейныя сябры, якім цікавая і наша класіка і сучасныя проза, паэзія, літаратуразнаўства Казахстана. І як вынік — пераклад і выданне ў Мінску на беларускай мове кніг вялікіх Абая і Мухтара Аўзэва. Вось і зараз, на традыцыйным Міжнародным сімпозіўме літаратараў „Пісьменнік і час“, мы разам з беларускімі калегамі агучылі цэлы шэраг ініцыятыў, якія будуць спрыяць болей шырокаму веданню пра казахскую літаратуру і Казахстан у Беларусі».
Мікола БЕРЛЕЖ