Top.Mail.Ru

Беларускія школьнікі вывучаюць асновы кіравання беспілотнікамі

У сталічнай сярэдняй школе № 64 працуе спартыўны ваенна-патрыятычны клуб «Сірыус». Яго дзейнасць арганізавана пад эгідай Міністэрства абароны. Цеснае супрацоўніцтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі і ААТ «Пеленг» дасць магчымасць навучэнцам браць удзел у практычных занятках, набываць досвед кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі, удасканальваць фізічную падрыхтоўку, атрымліваць навыкі картаграфіі, тактычнай медыцыны, арыентавання на мясцовасці ў экстрэмальных умовах.


Унікальны клас

Кіраўнік дзяржавы неаднаразова казаў аб тым, што беспілотная авіяцыя ў краіне павінна развівацца. «Закласці любоў да яе можна з маленькага ўзросту, — лічыць начальнік аддзела ўпраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных Сіл Дзяніс ДУДКІН. — Дзіцячы садок — гэта, вядома, ранавата. У школе дзеці хутка спасцігаюць розныя навукі. Так і зарадзілася ідэя стварэння ваенна-патрыятычнага клуба «Сірыус».

Спонсарам такога навучання стала кампанія «Пеленг». Былі закуплены два рабочыя месцы для дзяцей, 3D-акуляры, пульты, устаноўлена праграмнае забеспячэнне ў выглядзе авіясімулятараў. Акрамя таго, кампанія забяспечыла школу камп’ютарамі: для работы сімулятараў неабходныя пэўныя сістэмныя патрабаванні. «Нашы спецыялісты ўстанавілі адпаведнае праграмнае забеспячэнне і правялі некалькі пробных заняткаў, каб паглядзець, як у дзяцей будзе атрымлівацца, наколькі яны зацікаўлены, — кажа Дзяніс Дудкін. — Мы ўбачылі, што ёсць азарт і дзецям гэта вельмі падабаецца, таму вырашылі развівацца ў гэтым кірунку далей».

Па словах начальніка ўпраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных Сіл Міхаіла БРАНСКАГА, гэта ўнікальны клас з вялікім патэнцыялам: «Маладыя людзі будуць вывучаць канструкцыі БЛА, асновы аэрадынамікі і практычнае кіраванне беспілотнікамі, — удакладняе ён. — Прапрацоўваем пытанні, як знайсці спонсараў для таго, каб дзеці маглі выконваць і рэальныя палёты».

Дарэчы, у Расіі створана федэральная праграма, у рамках якой у праграму пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ўнесена вывучэнне беспілотнікаў і тэорыя іх кіравання. «З 1 верасня яны павінны адкрыць практычна ў кожнай школе спецыяльныя гурткі па беспілотнай авіяцыі, — дадаў Дзяніс Дудкін. — Мы зрабілі першы складаны крок у гэтым кірунку. Чаму складаны? Мы яшчэ не ведаем, дзеці будуць гэта ўспрымаць як гульню або ім будзе цікава развівацца далей».

Дзякуючы ваенна-патрыятычнаму клубу маладыя людзі ўжо ў школе змогуць атрымаць ваенную спецыяльнасць «Аператар беспілотнага лятальнага апарата». Яна будзе ўлічвацца і пры прызыве маладых людзей на тэрміновую ваенную службу. «Час паказаў, што сёння неабходна велізарная колькасць такіх аператараў, — адзначае Міхаіл Бранскі. — Маладых людзей, якія атрымалі гэтую спецыяльнасць, будзем ставіць на ўлік. Пры неабходнасці або пры прызыве на службу спецыялісты ўжо будуць падрыхтаванымі. У 17 грамадзянскіх ВНУ будуць навучаць студэнтаў, якія праходзяць падрыхтоўку на ваенных кафедрах, асновам кіравання БЛА. Мы ж даем штуршок, каб гэтае навучанне пачыналася менавіта са школьнай лаўкі».

На новым узроўні

У святочнай абстаноўцы 17 навучэнцаў атрымалі членскія білеты клуба і вымавілі словы клятвы, пасля чаго афіцыйна сталі паўнапраўнымі выхаванцамі спартыўнага ваенна-патрыятычнага клуба «Сірыус». Звяртаючыся да прысутных, старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ адзначыў, што школы працуюць вельмі сур’ёзна па патрыятычным выхаванні. «Самае галоўнае, што гэта знаходзіць водгук у маладых людзей, — падкрэсліў ён. — Яны гатовы працаваць, удзельнічаць у такіх мерапрыемствах, бо выдатна разумеюць, што гэта трэба для іх далейшага жыцця. Тут яны атрымліваюць веды, уменні, навыкі, становяцца больш сабранымі — людзьмі, якія могуць працаваць у калектыве і вывучаць дадатковыя для сябе спецыяльнасці».

Практычныя трэніровачныя заняткі будуць праводзіцца ў спецыяльна абсталяваным кабінеце на трэнажорах-сімулятарах, якія дазволяць зразумець прынцыпы палёту і аэрадынамікі. Для кіравання палётам віртуальных мадэляў прымяняюцца штатныя пульты кіравання ад БЛА і відэаакуляры. У працэс навучання ўключаны тэарэтычная падрыхтоўка, трэнажорная практыка, палёты на дзейных мадэлях на палігонах, а таксама гонкі дронаў (дронрэйсінг). Трэніровачныя заняткі з выхаванцамі клуба будуць праводзіць прадстаўнікі Міністэрства абароны і Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.

«Ідэя стварэння падобнага клуба цалкам правільная, я б нават сказаў, ідэальная, — перакананы генеральны дырэктар ААТ „Пеленг“ Павел ПАЗНЯКОЎ. — Як і ўся моладзь, школьнікі любяць карыстацца электроннымі прыладамі. Тут жа дадзена такая магчымасць. Акрамя гэтага, маладыя людзі зразумеюць, як уладкаваны беспілотны лятальны апарат, з чаго ён складаецца, па якіх прынцыпах і законах працуе і развіваецца. Гэта выведзе вучняў на зусім іншы ўзровень ведаў і ўменняў».

Звяртаючыся да маладых людзей, Павел Пазнякоў адзначыў: «Вы зрабілі вельмі правільны выбар: замест таго каб марнаваць час за экранам смартфона або камп’ютара, вы будзеце прысвячаць яго таму, каб атрымаць канкрэтны навык, канкрэтную прафесію, рабіць гэта са школьнай пары. Кажучы мовай бізнесу: вы ўжо цяпер пачалі інвеставаць у саміх сябе».

Неабходна дзяржаве

У спартыўным ваенна-патрыятычным клубе змогуць займацца навучэнцы не толькі з гэтай школы, але і з іншых устаноў адукацыі горада Мінска. Спачатку маладыя людзі будуць вучыцца кіраваць БЛА віртуальна, пасля — трэніравацца на базе сваёй спартыўнай залы і ў закрытых памяшканнях. Пазней, з захаваннем усіх неабходных патрабаванняў і пад кантролем дарослых, яны будуць праводзіць заняткі на адкрытай тэрыторыі.

Дырэктар сярэдняй школы № 64 Святлана ПАШКОВА адзначыла, што асабліва важна, каб дзеці займаліся тым, што цікава ім і жыццёва неабходна дзяржаве: «Сёння беспілотнікі — унікальная тэхналогія, якая выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах эканомікі. Дзеці, якія прынялі прысягу і ўступілі ў клуб „Сірыус“, будуць вывучаць законы аэрадынамікі, ваенную тапаграфію, тактычную медыцыну, кіраванне беспілотнікам і многае іншае».

Начальнік кафедры беспілотных авіяцыйных комплексаў і баявога ўпраўлення ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Дзмітрый ДЗЬЯКАЎ паведаміў, што ў ВНУ распрацавана праграма па гэтым навучанні. Па яго словах, пілотны праект у далейшым плануецца пашыраць на ўсе навучальныя ўстановы.

Праз некаторы час выхаванцы клуба навучацца кіраваць дронамі, аналізаваць і апрацоўваць даныя, атрыманыя пры дапамозе аэра- і фотаздымкі, складаць планы палётаў. Таксама маладыя людзі атрымаюць магчымасць працягнуць адукацыю ў вышэйшых навучальных установах краіны па спецыяльнасцях, накіраваных на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі.

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю