Беларускі Настасся Дабравольская і Аляксандра Мірончык увайшлі ў шасцёрку лепшых на трэцім этапе Кубка свету па сінхронным плаванні ў кітайскім Сіяні, паведаміла БелТА.
У спаборніцтвах дуэтаў у адвольнай праграме нашы дзяўчаты занялі шостае месца сярод 18 пар. Перамогу атрымалі расіянкі Кіра Чэразава і Валянціна Герасімава, другімі сталі іх суайчынніцы Хрысціна Чаханава і Настасся Сідорына, тройку дапоўнілі японкі. Напярэдадні ў тэхнічнай праграме дуэтаў Дабравольская і Мірончык паказалі пяты рэзультат, на п’едэстал падняліся спартсменкі з Кітая, Расіі і Японіі.
Таксама ў стартавы дзень этапу, 1 мая, серабро ў тэхнічнай праграме салістак заваявала беларуска Васіліна Хандошка, для якой гэты медаль стаў ужо чацвёртым у розыгрышы Кубка свету 2026 года. Заўтра раніцай па мінскім часе мацнейшая сінхраністка краіны выступіць з адвольнай праграмай.