Top.Mail.Ru
58

Беларускія станкабудаўнікі асвойваюць перадавыя тэхналогіі і развіваюць галіновую інтэграцыю

Ад ідэі — да манетызацыі

Айчыннае станкабудаванне — драйвер колькаснага і якаснага развіцця машынабудавання і металаапрацоўкі. І важнае звяно тэхналагічнай бяспекі. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады прадугледжвае рэалізацыю каля 10 інвестыцыйных праектаў, звязаных з абнаўленнем і стварэннем новых вытворчых магутнасцяў па выпуску тэхнікі, станкоў і іх кампанентаў. Аб перспектывах развіцця станкабудавання на бліжэйшую пяцігодку і мерах дзяржаўнай падтрымкі галіны адбылася размова на 40-й Міжнароднай навукова-тэхнічнай канферэнцыі «Перспектыўныя кірункі развіцця тэхналогіі машынабудавання і металаапрацоўкі. Тэхналогія — абсталяванне — інструменты — якасць».

У апошнія гады беларускае станкабудаванне, як адзначаюць эксперты, набывае другое дыханне. Галіна развіваецца дынамічна. Больш за тое, перажывае сапраўдны тэхналагічны бум. Абмежаванні на еўрапейскія пастаўкі толькі далі імпульс развіццю станкаінструментальнай прамысловасці і нарошчванню кампетэнцый у гэтай сферы. У фарватары курсу на імпартазамяшчэнне на першы план выходзіць распрацоўка новых сучасных мадэляў станкоў і інструментаў, здольных канкурыраваць з замежнымі аналагамі.

Кан’юнктура рынку патрабуе новых падыходаў да арганізацыі бізнес-працэсаў — ад стадыі НДВКП да серыйнага выпуску. На чым канкрэтна будуць сканцэнтраваны намаганні вытворцаў, растлумачыў начальнік навукова-тэхнічнага цэнтра Інстытута БЕЛАРГСТАНКІНПРАМ Андрэй БАРБУК:

— Адна з галоўных задач — манетызацыя вынікаў НДВКП. Неабходна арганізаваць вытворчасць сучаснай гамы прадукцыі, якая выпускаецца для максімальнага задавальнення патрэб айчыннай прамысловасці, а таксама нарасціць аб’ёмы экспарту і пашырыць яго геаграфію. Інстытут выступае ў якасці галаўной арганізацыі — удзельніка падпраграмы. Сумесна са станкабудаўнічым заводам імя Кірава мы вядзём тры праекты заданняў. У прыватнасці, наш інстытут павінен забяспечыць навукова-арганізацыйнае суправаджэнне падпраграмы «Станкабудаванне». Акрамя таго, трэба будзе распрацаваць канструктарскую дакументацыю і асвоіць да пачатку 30-х гадоў вытворчасць дзвюх сучасных мадэляў станкоў.

Планы на пяцігоддзе намечаны для кожнага са станкабудаўнічых прадпрыемстваў. Так, канструктары ААТ «СтанкаГомель» будуць працаваць над лінейкай вертыкальных апрацоўчых цэнтраў з параметрамі працоўных сталоў 1300×600 мм і 900×500 мм. У пераліку вырабаў Аршанскага інструментальнага завода з’явіцца тарцовая фрэза з механічным мацаваннем цвёрдасплаўных пласцін з васьмю рэжучымі беражкамі і прагрэсіўнай геаметрыяй. Зубашліфавальны гарызантальны паўаўтамат з ЧПК для цыліндрычных зубчастых колаў распрацуюць спецыялісты ТАА «Вістан».

Аб’ёмы фінансавання падпраграмы «Станкабудаванне» на пачатковым этапе, па словах Андрэя Барбука, складуць больш за 13 мільёнаў рублёў. З іх з рэспубліканскага бюджэту запланавана выдзеліць каля 6 мільёнаў, астатняе — уласныя сродкі прадпрыемстваў.

Таццяна ШЧАДРАНОК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю