У Лондане адбылося лёсаванне 138-га Уімблдонскага тэніснага турніру, паведамляе БелТА.
У жаночым адзіночным разрадзе выступяць тры прадстаўніцы Беларусі. Лідар сусветнага рэйтынгу Арына Сабаленка ў стартавым паядынку сустрэнецца з канадкай Карстын Брэнсцін (197-ы нумар рэйтынгу WTA). Экс-першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка, якая займае зараз 105-е месца, згуляе з расіянкай Анастасіяй Захаравай (94). Аляксандра Сасновіч (108) будзе сапернічаць з прадстаўніцай Францыі Варварай Грачовай (111). Сасновіч прабілася ў асноўную сетку, атрымаўшы тры перамогі ў кваліфікацыі.
Трэці ў сезоне турнір серыі «Вялікага шлема» пройдзе на кортах Усеанглійскага лаўн-тэніснага клуба з 30 чэрвеня па 13 ліпеня. Пераможцы ў мужчынскім і жаночым адзіночным разрадзе запрацуюць па 2000 рэйтынгавых ачкоў і па 3 млн фунтаў стэрлінгаў. Год таму чэмпіёнамі сталі іспанец Карлас Алькарас і чэшка Барбара Крэйчыкава.