Добрыя весткі прыйшлі ад сяброў беларускай літаратуры з Туркменістана. Празаік і перакладчыца Багуль Анабаева працуе над пераўвасабленнем апавяданняў і вершаў Таццяны Дземідовіч з Брэста, Галіны Загурскай з Полацка, Жанны Міус з Магілёва на туркменскую мову.
Гэтыя творы будуць надрукаваны ў дзіцячым часопісе «Гунеш» («Сонейка»). Джумагельды Мулкіеў, які працуе ў часопісе «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»), перакладае вершы класікаў беларускай літаратуры — Янкі Купалы, Якуба Коласа. Нядаўна ў «Дунья эдэбіяты» былі надрукаваны яго пераклады паэтычных твораў Уладзіміра Караткевіча. Цікавасць да беларускай паэзіі і прозы праяўляюць і іншыя туркменскія мастакі слова — Мерэт Ягмыраў, Чэмен Анабердыева, Максат Бяшымаў.
Расказвае Багуль Анабаева: «У 2015 годзе мне пашчасціла прыняць удзел і выступіць на Міжнародным сімпозіуме літаратараў „Пісьменнік і час“ у Мінску. Завязаліся стасункі з беларускімі пісьменнікамі. З таго часу па меры сіл і магчымасцяў прапагандую беларускую літаратуру ў Туркменістане, перакладаю і для часопіса „Гарагум“, і для дзіцячага выдання „Гунеш“. Мяне цікавіць усё, што адбываецца ў сучаснай беларускай літаратуры. Але найбольшая ўвага з майго боку — да твораў, адрасаваных дзіцячаму чытачу. Таму стараюся як перакладчык працаваць з разлікам на часопіс „Гунеш“. Гэта любімае туркменскімі дзеткамі выданне, якое выходзіць штомесяц накладам 31 200 экзэмпляраў. Чарговая беларуская публікацыя з’явілася ў дванаццатым, снежаньскім, нумары часопіса за 2025 год — апавяданне Алеся Карлюкевіча „Нічога страшнага“. У маіх планах — пераклад і складанне анталогіі беларускай дзіцячай літаратуры. Каму, як не дзецям, адкрываць новы свет, знаёміцца са сваімі равеснікамі і іншымі краінамі!..»
А ў Беларусі развіццю прасторы туркменскага мастацкага свету спрыяюць перакладчыкі Віктар Шніп, Навум Гальпяровіч, Рагнед Малахоўскі, Казімір Камейша, Алесь Бадак.
Мікола Берлеж