Top.Mail.Ru

Беларускія ВНУ падводзяць вынікі прыёмнай кампаніі, а ва ўстановах сярэдняга спецыяльнага і прафесійна-тэхнічнага навучання яна працягваецца

Матываваныя на вучобу і развіццё

«Сёлета вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны папоўняцца 48 тысячамі таленавітых студэнтаў. Гэта не проста лічба, а асобы заўтрашняга дня: будучыя вучоныя, урачы, ІT-інаватары, эканамісты і творцы культуры», — так вобразна падводзіць вынікі прыёмнай кампаніі ў ВНУ прэс-служба Міністэрства адукацыі.

Са шчаслівых уладальнікаў студэнцкіх білетаў — амаль дзясятая частка (каля 4,5 тысячы) — медалісты, 272 пераможцы і прызёры рэспубліканскіх алімпіяд, больш за 1,6 тысячы ўладальнікаў чырвоных дыпломаў каледжаў.

Мы пацікавіліся вынікамі ўступнай кампаніі ў некаторых буйных ВНУ краіны.

БДУ: найвышэйшыя балы на «Сусветную эканоміку» і «Міжнароднае права»

У БДУ на дзённую бюджэтную форму залічана 2607 абітурыентаў, з якіх 69 ваеннага факультэта. Сярод залічаных па выніках ЦТ і ЦЭ 95 працэнтаў абітурыентаў набралі 300 балаў і вышэй. 110 першакурснікаў — пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, лаўрэаты спецфондаў.

Без экзаменаў на педагагічныя кірункі залічаны 79 абітурыентаў. Сярэднюю школу з медалём або сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы з дыпломам з адзнакай закончылі 922 чалавекі. Сярод залічаных — 1164 выпускнікі ліцэяў і гімназій, гэта 44,6 працэнта.

Сярод творчых спецыяльнасцяў самы высокі конкурс (сярод пададзеных заяў) на «Графічны дызайн і мультымедыядызайн» — 14,9 чалавека на месца.

  • Самыя высокія прахадныя балы сярод прыродазнаўчых спецыяльнасцяў былі на «Прыкладную інфарматыку» — 391, «Інфарматыку» — 387, «Кібербяспеку» — 378, «Прыкладную матэматыку» — 371. Рэкордныя прахадныя балы сярод сацыяльна-эканамічных і гуманітарных спецыяльнасцяў адзначаны па «Сусветнай эканоміцы» — 398, «Міжнародным праве» — 398, «Міжнароднай эканоміцы і гандлі (з паглыбленым вывучэннем кітайскай мовы)» — 397.

На завочную бюджэтную форму залічаны 112 чалавек. Што датычыцца спецыяльнасцяў са скарочаным тэрмінам навучання, то прахадныя балы там наступныя: «Правазнаўства» — 204, «Медыка-біялагічная справа» — 193, «Кіраванне дакументамі» — 191. На спецыяльнасці біялагічнага факультэта завочнай бюджэтнай формы навучання прахадныя балы склалі: на «Біялогію» — 229, «Мікрабіялогію» — 224, «Біяхімію» — 224.

Сярэдні конкурс па ўніверсітэце склаў 2,01 чалавека на месца.

БДУІР: у пашане «Праграмная інжынерыя» і «Штучны інтэлект»

У вядучай «электроннай» ВНУ краіны самы высокі прахадны бал у бягучым годзе быў на спецыяльнасць «Праграмная інжынерыя» факультэта камп’ютарных сістэм і сетак — 363 балы. Другое месца — «Штучны інтэлект» факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання — 347 балаў. Замыкае тройку «Праграмная інжынерыя» факультэта камп’ютарнага праектавання — 345 балаў.

На завочную скарочаную форму атрымання адукацыі на ўмовах аплаты ў бягучым годзе да залічэння рэкамендаваны больш як 500 выпускнікоў каледжаў. Па выніках прыёму дакументаў на ўсе формы навучання ў бягучым годзе было сабрана 3,8 тысячы заяў, што прыкладна на

500 чалавек больш, чым у 2024-м. Гэтым летам у БДУІР падалі свае дакументы 4 абітурыенты, якія набралі 400 балаў на экзаменах.

Сярэдні бал залічаных абітурыентаў па дзённай форме атрымання адукацыі склаў за кошт сродкаў бюджэту — 350 балаў, на ўмовах аплаты — 303 балы. З балам 300 і вышэйшым дакументы падалі 1919 чалавек.

Віцебскі дзяржуніверсітэт: конкурс на «Міжнароднае права» — 11,5 чалавека на месца

Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава прыняў у свае рады амаль 1050 першакурснікаў і выканаў план прыёму абітурыентаў на бюджэтную і платную формы атрымання адукацыі.

Агульны конкурс на ўсе спецыяльнасці бю-джэтнай формы навучання склаў 2,3 чалавека на месца.

Найбольшай папулярнасцю ў абітурыентаў ВДУ імя П. М. Машэрава ў 2025 годзе карысталіся спецыяльнасці:

  1. «Міжнароднае права» юрыдычнага факультэта дзённай формы навучання (конкурс — 11,5 чалавека на месца);

  2. «Правазнаўства» юрыдычнага факультэта дзённай формы навучання (конкурс — 5,8 чалавека на месца);

  3. «Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя» мастацка-графічнага факультэта дзённай формы навучання (конкурс — 5,0 чалавека на месца);

  4. «Псіхалогія» факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі дзённай формы навучання (конкурс — 4,4 чалавека на месца);

  5. «Адукацыя ў галіне фізічнай культуры» факультэта фізічнай культуры і спорту завочнай форму навучання (конкурс — 2,5 чалавека на месца).

Акрамя таго, максімальны вынік 100 балаў па ЦЭ (ЦТ) маюць 7 чалавек.

Найбольш высокі прахадны бал склаўся па спецыяльнасцях: «Міжнароднае права» (370 балаў), «Правазнаўства» (342 балы), «Рамана-германская філалогія» (331 бал), «Мастацкая адукацыя» (300 балаў).

Найвышэйшы бал (388) у абітурыента, які паступіў на спецыяльнасць «Рамана-германская філалогія» факультэта гуманітарных ведаў і камунікацый.

У 192 абітурыентаў ВДУ агульная сума балаў была 300 і вышэй. 199 абітурыентаў па 18 спецыяльнасцях былі залічаны па мэтавым дагаворы.

Гродзенскі дзяржуніверсітэт: больш за 200 «мэтавікоў»

Навучацца ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прыйдуць 2403 першакурснікі: 1442 студэнты будуць навучацца за кошт сродкаў бюджэту, 961 — на платнай аснове.

Найвышэйшы бал (391) набрала абітурыентка, якая паступіла на спецыяльнасць «Міжнароднае права», маючы 100-бальны вынік па англійскай мове. 29 % першакурснікаў — 690 — паступілі з агульнай сумай балаў 300 і вышэй. Сярод залічаных у лік студэнтаў 25 уладальнікаў 100-бальных вынікаў ЦТ і ЦЭ і два ўладальнікі адразу двух 100-бальных сертыфікатаў.

На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ва ўніверсітэт імя Янкі Купалы залічаны 202 чалавекі.

Сярод першакурснікаў-купалаўцаў 23 выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці і 6 выпускнікоў профільных класаў інжынернай накіраванасці, якія паступілі па сумоўі.

Вы яшчэ паспяваеце!

Для тых, хто хоча атрымаць запатрабаваную на рынку працы прафесію за больш кароткі тэрмін, важная інфармацыя:

  • На бюджэтнае навучанне ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыём дакументаў ужо скончаны, але на платнае заявы прымаюцца да 14 жніўня.

  • Падача дакументаў на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі працягнецца да 23 жніўня.

  • Пасля каледжа можна паступіць у ВНУ без ЦТ і са скарочаным тэрмінам навучання. Як відаць з напісанага вышэй, такой магчымасцю карыстаюцца многія.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю