Беларускія вучоныя працуюць над рашэннямі ў сферы рэгулявання штучнага інтэлекту. Аб гэтым расказаў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі (АІПІ) НАН Беларусі Сяргей Касанін, перадае БелТА.
У Беларусі пакуль няма заканадаўчага акта, які непасрэдна рэгуляваў бы тэхналогіі штучнага інтэлекту, адзначыў Сяргей Касанін. «Ёсць асобныя заканадаўчыя акты, дзе прапісаны пэўныя нормы. Мы разумеем, што патрэбны заканадаўчы акт, які рэгуляваў бы тэхналогіі ШІ. І мы да гэтага падыходзім», — сказаў ён.
Аб’яднаным інстытутам праблем інфарматыкі быў распрацаваны мадэльны закон «Аб тэхналогіях штучнага інтэлекту», які апісвае асноўныя паняцці і прынцыпы дзейнасці ў сферы ШІ. Работа над ім пачалася ў 2023 годзе, калі інстытут перамог у адкрытым конкурсе на яго стварэнне. 18 красавіка 2025 года закон быў прыняты Міжпарламенцкай асамблеяй СНД.
Сяргей Касанін адзначыў, што тэхналогіі ШІ шырока выкарыстоўваюць практычна ва ўсіх інстытутах НАН. «У нас ёсць лабараторыі, якія актыўна выкарыстоўваюць тэхналогіі штучнага інтэлекту ў дзейнасці, звязанай з медыцынскім напрамкам, з развіццём тэхналогій у прамысловасці. У сферы сельскай гаспадаркі АІПІ НАН займаецца распрацоўкай рабатызаваных сістэм, якія могуць і падаіць карову, і прааналізаваць якасць ураджаю», — сказаў ён. Таксама сярод распрацовак — сістэма праполкі буракоў, тэхналогія вяртання дрона, тэхналогія дыстанцыйнага зандзіравання зямлі, навігатар па рыбных зімавальных ямах і многія іншыя.