Лічба для ўнутранага спажывання
Пасля некаторага перапынку ў мінулыя гады, інфармацыя і сувязь зноў становяцца драйверамі беларускай эканомікі. У першым квартале гэтага года дынаміка росту гэтай сферы дзейнасці склала 104,1 %. Асабліва прыемна, што высокатэхналагічны сектар з’яўляецца і магутным экспарцёрам, і ў значнай ступені арыентуецца і на ўнутраны рынак. І калі ў даковідныя гады да 90 % выручкі рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій атрымлівалі ад замежных контрагентаў, то па выніках мінулага года, як было агучана нядаўна на пасяджэнні Назіральнага савета, 29 % даходаў прыпадае на ўнутраны рынак. Цесная калабарацыя IT-кампаній з іншымі сектарамі эканомікі з’яўляецца безумоўнай неабходнасцю для інавацыйнага развіцця эканомікі.

Рэзідэнты ПВТ па-ранейшаму застаюцца і моцным экспарцёрам: летась выручка ад замежных кантрактаў склала каля 2 мільярдаў долараў. Несумненна, выхад на знешнія рынкі вельмі важны для любой галіны. Работа на замежным контуры дазваляе рэальна ацэньваць сваю канкурэнтаздольнасць, знаходзіцца ў сусветных трэндах, набываць дадатковыя кампетэнцыі. І пераносіць іх у айчынную эканоміку.
Уласна кажучы, цяпер ПВТ прыходзіць да той мадэлі, для якой ён некалі і ствараўся: з’яўляцца базай для лічбавізацыі іншых галін эканомікі. Іншае пытанне, што ў першыя гады сваёй дзейнасці многія IT-кампаніі арыентаваліся не на прадуктовыя, а афшорныя стратэгіі развіцця свайго бізнесу. У нейкай ступені гэта было закладзена гістарычна. Многія IT-кампаніі — першыя рэзідэнты ПВТ — зараджаліся ў 1990-я — пачатку 2000-х, калі, будзем казаць аб’ектыўна, айчынная прамысловасць толькі пачынала адраджацца і нацэльвалася, хутчэй, на аднаўленне, чым на прарыўное развіццё. І складаныя тэхналогіі заўтрашняга дня на ўнутраным рынку не былі ў поўнай меры запатрабаваныя. А далей афшорныя мадэлі існавалі і прымнажаліся па інерцыі.
За апошнія 2-3 гады адбылася пераарыентацыя ў значнай ступені IT-сектара на ўнутраны рынак. Па розных прычынах, але некалькі разнастайных фактараў гэтаму спрыялі. Па-першае, дзякуй амерыканскім партнёрам: санкцыі і абмежаванні зрабілі менш прывабным амерыканскі рынак для беларускіх кампаній. Па-другое, у глабальным разрэзе яшчэ ў 2010-х гадах адчувалася ўзмацненне канкурэнцыі ў сегменце афшорнага праграмавання з боку густанаселеных дзяржаў азіяцкага рэгіёна. Перш за ўсё — Індыі. Канкурыраваць з гэтай краінай было складана ўсяму астатняму свету. Асабліва па цане. Нашым кампаніям удавалася ўтрымліваць пазіцыі за кошт больш высокай кваліфікацыі. Але маржынальнасць аўтсорсінгавых мадэляў пачынала зніжацца.
Па-трэцяе, у поўную сілу разгортваюцца тэхналогіі штучнага інтэлекту. Для спецыялістаў, паглыбленых у пытанне, яшчэ гадоў дзесяць-пятнаццаць таму было відавочна: руцінныя аперацыі ў праграмаванні — напісанне стандартных камп'ютарных кодаў, тэсціраванне і гэтак далей, будуць аўтаматызавацца. Адпаведна, гэта перакрые высокатэхналагічны рынак. І сёння мы назіраем актыўную фазу гэтага працэсу. У ЗША штат ардынарных праграмістаў перманентна скарачаецца. Добра адчуваюць сябе спецыялісты, здольныя распрацоўваць арыгінальныя алгарытмы. Іншымі словамі, фарміраваць ідэалогію розных лічбавых рашэнняў і прадуктаў. Таму змена бізнес-мадэлі і беларускіх кампаній у нейкай ступені была наканаваная.
Па-чацвёртае, у Беларусі стаў фарміравацца плацежаздольны попыт на айчынныя IT-рашэнні. Будзем аб’ектыўныя: да пэўнага часу тыя ж прамысловыя прадпрыемствы часцяком аддавалі перавагу набываць цалкам гатовыя і адпрацаваныя рашэнні. А такія, рэальна, маглі прапанаваць толькі найбуйнейшыя транснацыянальныя карпарацыі. За кошт маштабу сваёй дзейнасці яны мелі магчымасць укладваць у распрацоўку прадуктаў мільярды долараў, а потым актыўна іх прасоўваць на глабальным рынку. Больш за тое, у пэўнай ступені нават ствараць міжнародныя стандарты лічбавізацыі.

Трэба адзначыць: адносна нядаўна здавалася, што сусветная эканоміка канчаткова глабалізуецца і будзе працаваць па адзіных прынцыпах. Але гэтага не здарылася. А даступнасць да замежных тэхналогій цяпер знізілася. Акрамя таго, у краіне ўзяты выразны курс на тэхналагічны суверэнітэт. Падзеі апошніх гадоў наглядна і ярка прадэманстравалі, чым можа стаць празмернае захапленне чужымі тэхналогіямі.
Плацежаздольны попыт у нашых прадпрыемстваў на IT-рашэнні ёсць. Так, выдаткі на НДВКП і распрацоўкі ў нашай эканомікі складалі менш за адзін працэнт ВУП. Гэта вельмі няшмат. Але гаворка ідзе пра ўнутраныя распрацоўкі. Калі палічыць з імпартным складнікам, як гэта зрабіў дырэктар Інстытута народнагаспадарчага прагназавання Расійскай акадэміі навук Аляксандр Шыраў, то навукаёмістасць нашай эканомікі вышэй за сярэднесусветны ўзровень — 3 % ВУП. Прычым нямала аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці набываліся разам з абсталяваннем. Скажам, сістэмы кіравання станкоў з ЛПК, рабатызаванымі комплексамі, рознымі аўтаматызаванымі сістэмамі можа складаць да 20-30 % ад іх кошту. Аказалася, што ў Беларусі ёсць кампетэнцыі для стварэння праграмнага забеспячэння для прамысловых аўтаматызаваных сістэм. І цэнтрам кампетэнцый па гэтым кірунку паступова становіцца ПВТ. Ёсць зачыны і напрацоўкі па стварэнні іншых лічбавых рашэнняў, неабходных у эканоміцы. І пераарыентацыя рэзідэнтаў ПВТ на ўнутраны рынак сведчыць аб выхадзе айчыннай эканомікі на інавацыйны трэк развіцця.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ