На семінары па продажы тавараў айчыннай вытворчасці ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю сабраліся прадстаўнікі вядучых прадпрыемстваў і буйных гандлёвых сетак краіны. Пра новыя тавары айчынных прадпрыемстваў і іх прасоўванне на паліцах беларускіх магазінаў даведалася карэспандэнт «Звязды».
Стаўка на сваё
Падтрымка нацыянальных вытворцаў — практыка агульнасусветная. Найбліжэйшы прыклад — расійскі законапраект аб нацыянальнай паліцы, але і Беларусі не трэба адставаць ад трэндаў, ствараючы ўмовы для рэалізацыі на ўнутраным рынку якасных — і за кошт гэтага і папулярных — айчынных тавараў. Згодна з Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі, рэалізацыя харчовай групы айчыннай вытворчасці ў нашай краіне павінна складаць не менш як 85 %.
Як адзначыла намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана КАРАТКЕВІЧ, ведамства актыўна працуе над выбудоўваннем прадукцыйнага дыялогу паміж вытворцамі і рытэйлам: «Мы сабралі шырокую аўдыторыю вытворцаў, гандлёвых аператараў, каб падвесці вынікі работы за 2025 год і сфарміраваць шляхі для паляпшэння дасягнутых вынікаў».
І такая работа прыносіць станоўчыя вынікі. Дзякуючы сумесным намаганням летась удалося амаль удвая запаволіць зніжэнне долі продажу беларускіх тавараў. «Гэта пацвярджае, што мы рухаемся ў правільным кірунку», — адзначыла намеснік міністра. Стратэгічная мэта — павялічыць долю айчынных тавараў у рознічным тавараабароце і дасягнуць усіх неабходных паказчыкаў да 2030 года.
Для гэтага МАРГ праводзіць шмат мерапрыемстваў, запускаюцца новыя праекты. Напрыклад, летась у снежні стартаваў агульнарэспубліканскі праект «Кожная пятніца — роднае, сваё». Яго мэта — папулярызацыя ўсяго беларускага: не толькі прадукцыі, але і мовы, культуры. Як адзначыла Святлана Караткевіч, да ініцыятывы ўжо далучылісяканцэрны «Белдзяржхарчпрам» і «Беллегпрам», прапаноўваючы спецыяльныя зніжкі на тавары сваіх прадпрыемстваў: «Да акцыі далучаюцца і спартыўныя комплексы, і суб’екты, якія працуюць у сферы грамадскагахарчавання. Гэтая агульная ўцягнутасць у працэс паказвае, што мы любім сваю прадукцыю, сваю краіну і ўсё тое, што робім».
Смак поспеху
Дарэчы, вынікамі на семінары падзяліўся канцэрн «Белдзяржхарчпрам» — практычна па кожнай таварнай групе быў зафіксаваны прырост паставак на ўнутраны рынак: «Асаблівая ўвага — кандытарскай галіне. Зусім нядаўна паспяхова завяршылася навагодняя кампанія, у рамках якой рэалізавана больш за 2,5 мільёна навагодніх падарункаў унутры краіны, што на 3 % перавышае паказчык 2024 года», — расказаў намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Ігар ГРУЦА. — Гэтыя дасягненні сталі магчымыя дзякуючы ўдзелу нашых прадпрыемстваў у трэйд-маркетынгавых мерапрыемствах і промапраектах. Разумеем, што якасць нашай прадукцыі ўжо вядомая, але ўсё ж такі неабходна прыкладаць намаганні для прасоўвання і павышэння пазнавальнасці нашых брэндаў. Таму сёлета таксама плануем працаваць у гэтым кірунку«.
Актыўна вялася работа па прасоўванні рапсавага алею сярод насельніцтва, што прывяло да практычна двухразовага росту продажу ў дадзеным кірунку. Вытворцы зрабілі стаўку на прэміяльнасць: яго цяпер
выпускаюць не толькі ў звыклай упакоўцы, але і ў шкляных бутэльках. На рынак выйшаў таксама алей з водарам праванскіх траў. Не адстае і маянэзная лінейка: апроч традыцыйных варыянтаў, беларусы могуць пакаштаваць ружовы маянэз ці нават з труфельным начыннем — па словах намесніка старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам», навінка карыстаецца вялікай папулярнасцю.
Увогуле, прадпрыемствы канцэрна не раз цешылі пакупнікоў як новымі брэндамі, так і новымі смакамі. Асабліва «зайшлі» аўдыторыі эксперыменты ў кандытарскай галіне. Чаго варты толькі ажыятаж ад халвы са смакам скварак і цыбулі. Навінка выклікала фурор у сацсетках і прыцягнула ўвагу да прадукцыі прадпрыемстваў у цэлым. Такія нестандартныя прадукты спачатку тэсціруюць у фірменных крамах, каб ацаніць рэакцыю спажыўцоў і пры неабходнасці дапрацаваць этыкетку і рэцэптуру. Гэта дазваляе быць упэўненымі, што прадукт добра сябе зарэкамендуе.
«Працэс укаранення і выпуску навінак перманентны — раз у квартал з’яўляецца новая лінейка: новы від печыва, зефіру, пасцілы. У шакаладнай групе флагманы — „Камунарка“ і „Спартак“ — рэгулярна здзіўляюць нашых спажыўцоў навінкамі. Таму ацэньваем мінулы год у частцы іх выпуску як вельмі паспяховы і разлічваем, што навінкі 2025-га замацуюцца на паліцах гандлёвых сетак», — адзначыў Ігар Груца. Акрамя таго, працягваецца выпуск новых прадуктаў, перш за ўсё імпартазамяшчальных і з інавацыйным складнікам. Адным з перспектыўных сегментаў застаецца вытворчасць прадуктаў здаровага харчавання.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара