Імідж — з’ява шматкампанентная
Больш за тры мільярды рублёў беларусы і госці краіны патрацілі на касметыку летась. Кожным пятым рублём аплачана прадукцыя айчынных вытворцаў. У чым сакрэт папулярнасці беларускай касметычнай прадукцыі? І якія перспектывы росту аб’ёмаў яе продажаў? На гэтыя тэмы разважалі эксперты на пляцоўцы тэлеканала «Першы інфармацыйны».
Высокія стандарты
Шырокі асартыментны пералік, даступная цана, вялікі працэнт натуральных кампанентаў, бяспека складаў — базавыя перавагі прадукцыі беларускіх вытворцаў касметыкі. Пры гэтым па эфектыўнасці айчынныя касметычныя сродкі не саступаюць імпартным аналагам. Комплекснасць вартасцяў беларускіх крэмаў, бальзамаў і памад забяспечваецца, у першую чаргу, строгімі стандартамі. Аб патрабаваннях да якасці і бяспекі касметыкі расказала старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена Маргунова:
— Мы прытрымліваемся рэгламенту Еўразійскага эканамічнага саюза аб парфумерна-касметычнай прадукцыі, які мае ў аснове пэўны пералік стандартаў. Стандарты распаўсюджваюцца як на самі тавары, так і на метады выпрабаванняў. І калі казаць канкрэтна аб касметычнай прадукцыі, у нас у краіне на сёння дзейнічае каля 155 стандартаў. Гэтым пералікам рэгламентуюцца дапушчальныя і забароненыя кампаненты. Калі ўзяць гадавы зрэз праведзеных кантрольна-наглядных мерапрыемстваў, ад агульнага аб’ёму касметыкі выяўляецца каля працэнта небяспечнай прадукцыі. У Дзяржстандарце ёсць даныя аб такой прадукцыі (рэсурс «Якасць. Бел»), якія пастаянна абнаўляюцца. Тут можна ўбачыць, якая прадукцыя занесена ў гэту катэгорыю і забаронена да ўвозу і абарачэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Размова ідзе аб касметыцы замежных вытворцаў, якія выкарыстоўваюць забароненыя кампаненты.
Выкарыстанне шкодных інгрэдыентаў у вытворчасці беларускай касметыкі, на думку экспертаў, апрыёры немагчыма дзякуючы дакладнай сістэме кантролю якасці па ўсім ланцужку — ад стварэння рэцэптур да выхаду з канвеера.

— Вытворца фарміруе рэцэптуру, якая становіцца прадметам санітарна-гігіенічнай экспертызы, — пералічыла ўсе этапы кантролю намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Святлана Нячай. — У ходзе экспертызы ацэньваецца інгрэдыентны склад па дзвюх пазіцыях. Першая — гэта праверка на наяўнасць рэчываў, забароненых тэхнічным рэгламентам. Іх каля 1700-1800 найменняў. Другая — адпаведнасць абмежавальнаму спісу рэчываў з гранічна дапушчальнымі канцэнтрацыямі. Такіх рэчываў амаль 2500. Узровень дапушчальнай колькасці гэтых інгрэдыентаў ацэньваецца з пункту гледжання бяспекі для здароўя чалавека. На этапе вытворчасці прадукт таксама правяраюць. Дзіцячая прадукцыя, сродкі інтымнай гігіены, татуаж, сонцаахоўная касметыка і яшчэ шэраг катэгорый падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі. У выніку гэтай працэдуры правяраецца мікрабіялагічная бяспека, ацэньваецца індэкс таксічнасці, праводзяцца фізіка-хімічныя даследаванні. У фінале — клінічныя выпрабаванні, падчас якіх пацвярджаюцца заяўленыя ўласцівасці і гіпаалергеннасць касметычнага сродку.
Такім чынам, здзяйсняючы пакупкі ў гандлёвай сетцы, пакупнікі могуць не хвалявацца за якасць касметычных тавараў вытворцаў з Беларусі і краін ЕАЭС. Парфумерна-касметычная прадукцыя з далёкага замежжа таксама суправаджаецца дакументамі, якія пацвярджаюць яе бяспеку. Аднак адпаведную экспертызу праходзіць не кожная партыя, якая ўвозіцца. Таму шчыліны, праз якія да нас можа «пракрасціся» касметыка з тымі ці іншымі дэфектамі, усё ж такі маюцца. І тут ужо вызначальным становіцца выбар пакупніка.
Эксперты адзначалі, што падчас даследаванняў імпартнай касметыкі ў беларускіх лабараторыях выяўляюцца выпадкі наяўнасці незаяўленых у маркіроўцы кансервантаў. Кульгаюць і мікрабіялагічныя паказчыкі. Напрыклад, утрыманне спірту можа перавышаць названы працэнт. А часам высвятляецца, што суправаджальныя дакументы выдадзены неакрэдытаванымі лабараторыямі.
Стратэгія папулярызацыі
Касметычная галіна — даволі спецыфічны сектар эканомікі, не прывязаны да канкрэтнага міністэрства або ведамства. Як ён рэгулюецца на сённяшні дзень, растлумачыла Алена Маргунова. Дадзеная сфера абсалютна самастойная, развіваецца ў добраахвотным, калі можна так сказаць, парадку. Пры гэтым яна цесна ўзаемадзейнічае з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Дзяржстандартам і Міністэрствам аховы здароўя. Пры ўсіх відавочных плюсах айчыннай касметыкі без спрыяльнага эканамічнага асяроддзя складана прасоўваць прадукт і павялічваць долю рынку. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Хіля дала прафесійную ацэнку дзелавому клімату ў сферы парфумерна-касметычнай галіны:
— У краіне дзейнічае заканадаўства, якое рэгулюе дадзеную сферу: Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», Закон «Аб рэкламе» і Закон «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання». Ёсць яшчэ і падзаконныя акты, якія ўстанаўліваюць правілы гульні на ўнутраным рынку. Рухавіком продажаў на тэрыторыі ЕАЭС, вядома, з’яўляецца бяспошлінны гандаль. Гэта дае магчымасць прадстаўляць беларускую касметыку ва ўсіх рэгіёнах Расійскай Федэрацыі і ў іншых дзяржавах — членах саюза. Спадзяюся, што дагаворы, падпісаныя ў рамках сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Узбекістана, таксама прывядуць да адмены мытных пошлін. Калі мы працуем з ратыфікацыяй дагавораў з краінамі Афрыкі ці Азіі, то ў першую чаргу звяртаем увагу на тое, каб хутчэй адкрыць іх рынкі для нашай прадукцыі. Развіццё экспарту — рэальная магчымасць для нашых вытворцаў у перспектыве стаць вядомымі брэндамі.

У сучасных геаэканамічных рэаліях вытворцы касметыкі бяруць курс на максімальную лакалізацыю вытворчасці. У асноўным для стварэння сродкаў прыгажосці, падкрэсліла Алена Маргунова, выкарыстоўваюцца айчынныя кампаненты. Пры гэтым некаторыя інгрэдыенты купляюцца ў Расійскай Федэрацыі, Кітаі, Паўднёвай Карэі. Але ў любым выпадку іх якасць павінна адпавядаць нацыянальным стандартам і патрабаванням рэгламенту Еўразійскага эканамічнага саюза. У сваю чаргу, кааперацыя ўнутры ЕАЭС спрашчае рэалізацыю задачы імпартазамяшчэння.
Каб разбурыць стэрэатып аб перавазе заходніх б’юці-прадуктаў, варта падумаць аб уласнай маркетынгавай стратэгіі. Упакоўка, рэклама, тэсціраванне навінак папулярнымі блогерамі — гэтымі эфектыўнымі інструментамі не трэба грэбаваць. Імідж — з’ява шматкампанентная. І ствараецца крок за крокам.
Сёння б’юці-індустрыя імкліва сыходзіць у анлайн. Наколькі бяспечна набываць касметычную прадукцыю праз інтэрнэт-каналы ў параўнанні з пакупкамі ў стацыянарных гандлёвых пунктах? Метады кантролю анлайн-гандлю, падкрэсліла Святлана Нячай, развіваюцца ўслед за ростам папулярнасці віртуальнага шопінгу. Але ўсё ж казаць аб безумоўнай бяспецы тавараў, прапанаваных у сеткавай прасторы, заўчасна. Адносна кантролю якасці прадукцыі, якая рэалізуецца, скажам, праз маркетплэйсы, адначасова вядзецца работа і ў Беларусі, і ў Расійскай Федэрацыі. У якасці меры абароны інтарэсаў спажыўца ўведзена патрабаванне па наяўнасці спасылкі на дакументы адпаведнасці звесткам у картцы тавару. У пакупніка павінна быць магчымасць атрымаць пацвярджэнне бяспекі прадукцыі — доступ да даных аб неабходных выпрабаваннях у акрэдытаваных лабараторыях.
Меркаванне экспертаў па актуальных пытаннях
- Маркіроўка «гіпаалергенна» не гарантуе таго, што касметыка не выкліча непажаданай рэакцыі. Ёсць людзі, у якіх існуе індывідуальная непераноснасць.
- Беларуская касметыка добрая не толькі як базавы догляд, але і цалкам падыходзіць для так званага ваў-эфекту.
- Імпартныя і беларускія крэмы, ласьёны і гелі вырабляюцца з аднолькавай сыравіны, а пераплачваем мы часта выключна за брэнд.
- «Аптэчная» касметыка не з’яўляецца лекамі. Гэта больш прафесійная касметыка з высокім утрыманнем біялагічна актыўных рэчываў.
- Для развіцця нацыянальных касметычных трэндаў вытворцам мае сэнс укладвацца ў распрацоўку ўласных рэцэптур, а не капіраваць склады сусветных марак.
- Сертыфікаты і стандарты пацвярджаюць бяспеку тавару, таму яны патрэбны як для знешняга, так і для ўнутранага рынкаў.
- Тэрмін прыдатнасці касметыкі — гэта не фармальнасць. Выкарыстоўваць прадукт трэба строга ў межах названага тэрміну.
Таццяна ШЧАДРАНОК