Назапашаны вопыт у сферы беражлівага менеджменту некаторых айчынных прадпрыемстваў яшчэ раз даказвае сваю эфектыўнасць і практычную карысць. Прыёмаў і метадаў яго ўкаранення даволі шмат, а вось падабраць тыя самыя, якія добра спрацуюць на канкрэтнай вытворчасці, патрабуе часу і намаганняў. Спыталі ў тых, у каго гэта працуе, як наладзіць сістэму.
Адзінага шаблону не існуе
Начальнік упраўлення развіцця сістэмы менеджменту якасці і вытворчай сістэмы ААТ «МТЗ» Ігар КАЗЛОЎСКІ расказаў, што беражлівая вытворчасць развіваецца на прадпрыемстве яшчэ з 2019 года, але больш шчыльна яе пачалі ўкараняць у 2022-м: «Сталі супрацоўнічаць з расійскай кампаніяй „Прыярытэт“. Работа пачалася з ацэнкі нашага прадпрыемства. Цягам трох месяцаў яны збіралі звесткі, зрабілі зрэз стану прадпрыемства. Затым запусцілі 18 пілотных праектаў па беражлівай вытворчасці. У кожным з іх пакінулі па 5-6 чалавек, у якіх ёсць жаданне і кампетэнцыі ў гэтым удзельнічаць».
Як працуе сістэма? «З панядзелка да чацвярга мы выдзяляем па паўтары гадзіны на кожны праект паводле графіка. Прадстаўнікі 18 праектаў у гэты перыяд могуць звярнуцца да кіраўніцтва са сваімі пытаннямі, прапановамі, абмеркаваць хвалюючыя тэмы. Нядаўна яшчэ ўдасканалілі сістэму: калі ёсць складанасці, выходзім на ўчасткі ў цэх і вырашаем пытанні ўнутры», — дадаў Ігар Казлоўскі.
На Мінскім трактарным заводзе таксама была распрацавана карта патоку — схематычны малюнак вытворчага працэсу, пры дапамозе якога можна адсачыць, дзе ёсць або праблемы, або дадатковыя магчымасці.
Акрамя таго, на адным з пілотных праектаў прадпрыемства выкарыстоўваюцца дзве паўвосі трактара — энерганасычанага і серыйнага. «На базе гэтых паўвосяў мы адсачылі, дзе ў нас ёсць лішкі, і сталі скарачаць. На сёння ўжо карта патоку змянілася. Гэта вынік паступовага ўдасканалення — на некаторых участках мы прыбралі пэўнае абсталяванне, выключылі лішнія аперацыі. Акрамя таго, нанялі сабе штат супрацоўнікаў, якія займаюцца непасрэдна беражлівым менеджментам», — падзяліўся вопытам спікер.
Калектыў Мінскага трактарнага завода праходзіць навучанне, удзельнічае ў галіновых семінарах, навучальных курсах. У цэлым, адзначыў Ігар Казлоўскі, адзінага шаблону па ўкараненні беражлівага менеджменту няма. У кожнага прадпрыемства свае падыходы і бачанне.
На МТЗ, паводле яго слоў, выдатна прыжылася матрыца кваліфікацыі — табліца, якая адлюстроўвае ўзровень валодання супрацоўнікамі неабходнымі навыкамі для выканання працоўных задач. Яна дапамагае візуалізаваць, хто што ўмее, а каго трэба навучыць. «У сярэднім больш за 400 работнікаў нашага прадпрыемства ўжо прайшлі ў тым ці іншым выглядзе навучанне па беражлівай вытворчасці», — дадаў Ігар Казлоўскі.
Эфектыўнасць вытворчасці і якасць прадукцыі
На думку намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» па вытворчасці Віталя ЗЛОБІНА малочная прадукцыя выдатна падыходзіць для развіцця беражлівай вытворчасці. «Як заматываваць людзей і выбудаваць сістэму ўкаранення беражлівай вытворчасці, каб яна адаптавалася ў мысленні чалавека? У першую чаргу важна выбудаваць сістэму менеджменту якасці (СМЯ), — падкрэсліў Віталь Генадзьевіч. — Першы прынцып СМЯ — арыентацыя на спажыўца, бо вярнуць яго лаяльнасць у выпадку якой-небудзь памылкі нялёгка, а мы дзеля яго працуем. Другі заключаецца ў лідарстве кіраўніцтва. Гэта, на мой погляд, адзін з найважнейшых крытэрыяў. Уцягнуць людзей я магу толькі сваім прыкладам».

Адзін са страхаў, са слоў прадстаўніка Слуцкага сыраробнага камбіната, які хвалюе людзей, — ці не звольняць іх у выніку аптымізацыі працэсаў і ўсіх новаўвядзенняў.
«Я людзям тлумачу, што баяцца гэтага не варта, — сказаў спікер. — Нам патрэбны разумныя і эфектыўныя спецыялісты. І кожны з іх можа ўвайсці ў склад гэтай каманды. Я не адмаўляю і стымулявання, таму што людзей трэба падтрымліваць. Гэта не каштуе вялікіх грошай, але вельмі эфектыўна працуе».
Спікер расказаў аб карысным інструменце беражлівага менеджменту — «гурткі якасці». Імі прадугледжана, што група работнікаў прадпрыемства рэгулярна збіраецца на добраахвотнай аснове для выяўлення фактараў, якія аказваюць уплыў на эфектыўнасць вытворчасці і якасць прадукцыі. «Нашы супрацоўнікі таксама добра знаёмыя з дыяграмай Ісікава (інструмент для візуалізацыі прычынна-следчых сувязяў), рэгулярна праводзяцца мазгавыя штурмы, спецыялісты ведаюць закон Парэта: 20 % намаганняў даюць 80 % выніку».
Віталь Злобін таксама расказаў, што ў сваёй рабоце адмовіўся ад правядзення планёрак. «Няма гэтых шматгадзінных гутарак, дзе мне спрабуюць разумнымі словамі расказаць, што ўсё робіцца добра, — паведаміў ён. — Праблемы калі ёсць, то на працоўных месцах, а на іх наведванне я выдзяляю штодня каля паўтары гадзіны».
Прадстаўнік Слуцкага сыраробнага камбіната рэзюмаваў, што беражлівы менеджмент — сістэма дамоўленасцяў. «Не паперы дзеля папер, а дамоўленасць не падманваць адзін аднаго, знаходзіць шляхі вырашэння праблем. І гэта абавязкова прыводзіць да дасягнення станоўчага выніку, у першую чаргу ў эканамічным кірунку».
Яна ВАЛАСАЧ