Top.Mail.Ru

Беларускую ініцыятыву падтрымліваюць у Чачні

Саюз пісьменнікаў Беларусі ў 2026 годзе праводзіць Год літаратур краін Садружнасці. У абсягах творчага праекта — выданне кніг мастацкага перакладу, публікацыя твораў пісьменнікаў Расіі, Азербайджана, Арменіі, Туркменістана, Узбекістана і іншых краін Садружнасці ў перакладзе на беларускую мову, розныя літаратурныя імпрэзы і вечарыны.



Рэалізацыя такіх супольных спраў магчыма толькі пры добрым сяброўскім партнёрстве з пісьменніцкімі арганізацыямі Расійскай Федэрацыі, іншых краін Садружнасці, пры супрацоўніцтве з рэгіёнамі Расіі. Першыя крокі ў гэтым кірунку здзейснены ў Чачэнскай Рэспубліцы. Літаратурны мост паміж Мінскам і Грозным усталяваны даволі даўно. Шмат намаганняў дзеля гэтага зрабіў народны пісьменнік Чачэнскай Рэспублікі Адам Ахматукаеў, які выдаў у Грозным кнігу беларускай паэзіі ў сваіх перакладах на чачэнскую мову. Актыўна прапагандавала сучасную беларускую літаратуру ў новым стагоддзі светлай памяці Лула Куні. Шмат што здзейснена і галоўным рэдактарам часопіса мастацкага перакладу «Гоч», пісьменніцай Пецімат Петрымавай. 

Зараз да работы па прадстаўленні беларускай паэзіі ў Чачні далучылася вядомая паэтэса Інга Хаяўры, якая ўжо падрыхтавала першыя публікацыі беларускіх аўтараў у перакладзе на чачэнскую мову. «Я з цікавасцю і даволі ўнікліва знаёмлюся з жаночай паэзіяй Беларусі, — расказвае Інга Хаяўры. — І мяркую, што ў Год літаратур краін Садружнасці, які абвясціў Саюз пісьменнікаў Беларусі, нам удасца шмат новага расказаць чачэнскаму чытачу пра Беларусь і беларусак менавіта праз мастацкія сродкі. Ведаю, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь аб'явіў 2026-ы Годам беларускай жанчыны. Так што, наша работа ўкладваецца яшчэ і ў добрую атмасферу ўвагі да найважнейшага клопату грамадства — клопату пра жанчыну, яе высокі сацыяльны статус як маці, як жонкі...»

А ў Беларусі ў бліжэйшы час у рамках ініцыятывы «Дыпламатыя перакладу» з’явяцца публікацыі перакладаў твораў чачэнскіх паэтаў. Галіна Загурская з Полацка пераклала вершы Інгі Хаяўры, Ільмана Юсупава. Рагнед Малахоўскі працуе над перакладамі твораў Адама Ахматукаева. Таццяна Яцук пераўвасабляе на беларускую мову творы Пецімат Петрымавай. 

Мікола БЕРЛЕЖ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю