Прадаўцом выступіла адно з вядучых малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, а пакупніком — імпарцёр і дыстрыб’ютар прадуктаў харчавання з сірыйскай правінцыі Ідліб, акрэдытаваны на БУТБ у канцы красавіка. Такім чынам, яшчэ адна дзяржава з рэгіёна MENA, як называюць Блізкі Усход і Паўночную Афрыку, пачала выкарыстоўваць біржавую пляцоўку для гандлю з беларускімі прадпрыемствамі малочнай галіны.
Паводле інфармацыі прэс-службы БУТБ, акрамя Сірыі, пул блізкаўсходніх пакупнікоў айчыннай малочкі на біржавых таргах таксама прадстаўлены такімі краінамі, як Іарданія, Ліван, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аман і Саудаўская Аравія.
«За чатыры месяцы бягучага года біржавы экспарт малочнай прадукцыі дасягнуў $205 млн, што на 29 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Лідарам продажаў з’яўляецца сухое малако з удзельнай вагой 61 працэнт у агульным аб’ёме экспартных здзелак, — расказалі ў прэс-службе біржы. — У пяцёрку буйнейшых пакупнікоў беларускіх малакапрадуктаў на біржы ўваходзяць кампаніі з Расіі, Германіі, Польшчы, Казахстана і Сінгапура. У сукупнасці яны забяспечваюць амаль 90 працэнтаў закупак малочнай прадукцыі на біржавых таргах»
Прадаўжае БУТБ работу і па дыверсіфікацыі рынкаў збыту шляхам прыцягнення на электронную платформу біржы імпарцёраў з новых краін. Так, у гэтым годзе для ўдзелу ў таргах малочнай прадукцыі на БУТБ прыйшлі кампаніі з Інданезіі, М’янмы і Сенегала. Што датычыцца сірыйскага пакупніка, то ён быў акрэдытаваны пры садзейнічанні беларускага прадпрыемства-экспарцёра.
На гэты момант на БУТБ акрэдытаваны 8334 кампаніі-нерэзідэнты з 81 краіны, 389 з іх сталі ўдзельнікамі біржавых таргоў у 2025 годзе.