У фінале мужчынскага каманднага турніру ў кітайскім Нанкіне выступілі батутысты з Беларусі, Расіі, Партугаліі, Францыі, Вялікабрытаніі, Кітая, Японіі і Новай Зеландыі. Нашы хлопцы захапілі лідарства пасля першай групы намаганнямі Станіслава Яскевіча, па выніках выступлення Івана Літвіновіча ў наступнай васьмёрцы ўдзельнікаў беларусы перамясціліся на другі радок.
У заключным раўндзе Андрэй Буйлоў паказаў лепшы рэзультат і вярнуў нашу тройку на першае месца. Золата беларусам прынесла сума 25 ачкоў (10+5+10), серабро і бронзу ўзяло трыа з Кітая (23) і Расіі (22). Чэмпіёнам свету стаў і Іван Мельнікаў, які выступаў у кваліфікацыі. Год таму на ЧС беларусы таксама былі лепшымі ў камандзе.
Раней 7 лістапада Кацярына Яршова і Станіслаў Яскевіч заваявалі золата ў змешаных сінхронных скачках, а жаночая зборная Беларусі (Яршова, Яна Лебедзева, Віялета Бардзілоўская, Злата Мініахметава) заняла трэцяе месца ў камандным турніры.
У апошні дзень планетарнага форуму, 8 лістапада, вызначацца прызёры ў мужчынскіх і жаночых індывідуальных і сінхронных скачках, нашы атлеты выступяць ва ўсіх нядзельных фіналах. Усяго чэмпіянат свету па скачках на батуце, акрабатычнай дарожцы і двайным міні-трампе сабраў у Кітаі каля 400 спартсменаў з 41 краіны.