Зборная Беларусі па хакеі выйграла першы матч асноўнага розыгрышу Кубка Першага канала 2025 года ў Новасібірску, паведаміла БелТА.
У чацвер, 12 снежня, падапечныя Дзмітрыя Квартальнава сустракаліся з камандай Казахстана. Стартавая трэць скончылася з мінімальнай перавагай беларусаў, аўтарам адзінага гола стаў Раман Гарбуноў. У другім перыядзе нашы хлопцы давялі разрыў у ліку да буйнога: спачатку з перадачы Івана Драздова большасць рэалізаваў Вадзім Мароз, праз дзве хвіліны вызначыўся сам Драздоў, а яшчэ праз пару атак Іван асіставаў Аляксандру Скарэнаву.
У заключным гульнявым адрэзку казахстанцы адыгралі адну шайбу, выніковы лік — 4:1 на карысць беларусаў. 13 снежня нашы хакеісты згуляюць з камандай Расіі 25, паядынак на «Сібір-Арэне» стартуе ў 14.00 па мінскім часе.
Зборная Беларусі ўдзельнічае ў Кубку Першага канала чацвёрты раз запар. У 2022 годзе наша каманда заваявала трафей, а ў двух папярэдніх сезонах была другой пасля расіян.