Top.Mail.Ru

Беларусы Барбаровіч і Какош перамаглі на чэмпіянаце свету па тайскім боксе

Беларускія байцы выйгралі дзесяць узнагарод чэмпіянату свету па муай-тай 2026 года, які праходзіў у сталіцы Малайзіі Куала-Лумпуры, паведаміла БелТА. 


Чэмпіёнам свету ў вазе да 91 кілаграма сярод мужчын стаў Мікіта Какош. Па ходзе турніру беларус абышоў сапернікаў з Турцыі і Казахстана, а ў фінале перамог расіяніна Юрыя Красікава. Золата ў катэгорыі да 60 кг сярод моладзі заваяваў Мірон Барбаровіч. Наш спартсмен быў мацнейшы за прадстаўнікоў Малайзіі, Лівіі, Канады і Узбекістана, а ў вырашальным баі разабраўся з Ясінам Карымі з ААЭ.

Таксама 25 чэрвеня на рынг для ўдзелу ў фінале ў вазе да 71 кг выходзіў наш Яўген Федарынчык. Раней на спаборніцтвах беларус выбіў байцоў з Ірана, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Украіны, але ў галоўным паядынку ўступіў расіяніну Канстанціну Шахтарыну.

Агульны вынік нашай каманды ў Куала-Лумпуры склаў чатыры залатыя, тры сярэбраныя і тры бронзавыя медалі. Днём раней перамогі на планетарным форуме атрымалі Руслан Кямалаў (U24, да 75 кг) і Варвара Святлічная (U24, да 75 кг). Другія месцы ў сваіх катэгорыях занялі Георгій Фокін (U24, да 67 кг) і Валерыя Хвацік (U24, да 51 кг).

На трэцюю прыступку п’едэстала паднімаліся Данііл Дзедавец (да 67 кг), Дар’я Бялькова (да 63,5 кг) і Арцём Галай (U24, да 51 кг). Усяго ўдзел у дарослым і маладзёжным чэмпіянаце свету па тайскім боксе прынялі больш як 500 атлетаў са 114 краін, Беларусь прадставілі 14 байцоў. У агульным медальным заліку наша каманда размясцілася на 4-м радку.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю