Top.Mail.Ru
257

Беларусы другі раз прабіліся ў паўфінал ЧС па пляжным футболе

Зборная Беларусі па пляжным футболе другі раз запар прабілася ў паўфінал чэмпіянату свету, паведамляе БелТА.



Сёння ў першым чвэрцьфінальным паядынку беларусы перамаглі каманду Ірана з вынікам 4:3.

Выходзячы на гэтую гульню, абодва сапернікі памяталі паядынак за бронзу ЧС-2024, у якім беларусы прайгралі іранцам з буйным лікам 1:6. Таму галоўнаму трэнеру беларускай каманды Нікаласу Альварада не трэба было асабліва наладжваць гульцоў — яны і самі вельмі імкнуліся ўзяць рэванш. І гэта ім удалося. Пачатак сустрэчы каманды правялі вельмі асцярожна, надаўшы галоўную ўвагу абароне. Толькі ў самым канцы першага перыяду Лік быў адкрыты — удар Махамада Масумі не здолеў адбіць Міхаіл Аўгустаў. 

Пасля перапынку беларусы дадалі ў руху, у сярэдзіне другога перыяду Ігар Брыштэль з пенальці аднавіў парытэт. Праз дзве хвіліны пасля пачатку заключнай трэці матчу Брыштэль вывеў беларусаў наперад. Тут жа ён зарабіў пенальці, але не змог рэалізаваць яго. Аднак скора перавага нашай каманды павялічылася — спачатку эфектны мяч забіў Ягор Гардзецкі, а потым вызначыўся Анатоль Рабко. Іранцы не здаваліся і ў канцоўцы здолелі скараціць разрыў да мінімуму, але дагнаць беларусаў не атрымалася.

На першым этапе цяперашняга турніру зборная Беларусі заняла першае месца ў папярэдняй групе А, атрымаўшы вікторыі над камандамі Сейшэльскіх астравоў (6:3), Японіі (6:3) і Гватэмалы (12:3). 

У паўфінале беларуская зборная сустрэнецца з пераможцам пары Італія — Сенегал. На мінулым планетарным форуме беларусы саступілі італьянцам у 1/2 фіналу ў серыі пасляматчавых пенальці. 

Таксама сёння ў іншых матчах 1/4 фіналу чэмпіёны свету бразільцы згуляюць з іспанцамі, а партугальцы будуць супернічаць з японцамі.

Паўфінальныя сустрэчы пройдуць 10 мая, вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул і матч за бронзу адбудуцца 11 мая ў сталіцы Сейшэльскіх астравоў — Вікторыі. У фінале сусветнага першынства 2024 года ў Дубаі бразільцы з лікам 6:4 абыгралі італьянцаў, заваяваўшы 15-ы чэмпіёнскі тытул.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю