Бібліятэкары Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ладзяць міжнародную акцыю ў сацыяльных сетках «Слова пра Еўфрасінню».
Праект рэалізуецца ў межах святкавання 925-годдзя з дня нараджэння беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай, чыё імя, чые справы натхняюць на духоўнае развіццё і нашых сучаснікаў. Мэта акцыі — умацаваць культурныя сувязі паміж Беларуссю і Расіяй, абапіраючыся на нашу агульную гісторыю, моўную блізкасць, агульныя духоўныя каштоўнасці.
Ужо размешчаны ў лічбавай прасторы, у тым ліку і на нашых рэсурсах, — расказвае дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы горада Бабруйска Наталля Каўгарэня, — ролікі з чытаннем вершаў беларускіх і расійскіх паэтаў, прысвечаныя Еўфрасінні, запісаныя чытачамі кніжніц Цэнтралізаванай бібліятэчнай акругі Мурама, ЦБС Ніжагародскага раёна горада Ніжні Ноўгарад. І ў праекце — вельмі шмат юных удзельнікаў, юных чытачоў горада Бабруйска. Мы запрашаем усіх чытачоў, аматараў кнігі, усіх тых, хто разумее ролю Еўфрасінні ў духоўным развіцці грамадства, далучыцца да нас!
Пра свой удзел у акцыі заявілі і беларускія літаратары — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. У хуткім часе ролікі, у якіх яны чытаюць вершы, прысвечаныя Еўфрасінні Полацкай, з’явяцца на розных лічбавых платформах бібліятэк Беларусі і Расіі.
Мікола БЕРЛЕЖ