Беларусы могуць уносіць свае прапановы па змяненні правілаў падрыхтоўкі вадзіцеляў. У краіне праводзіцца прававы маніторынг заканадаўства, якое рэгулюе праграмы навучання кіраванню транспартнымі сродкамі, паведамляе Мінтранс.
Усе ахвотныя могуць накіраваць у ведамства свае заўвагі і прапановы. Гаворка ідзе пра тое, наколькі дзеючыя нормы актуальныя, ці ёсць у дакуменце састарэлыя або неэфектыўныя патрабаванні, прабелы, супярэчнасці або складанасці ў прымяненні на практыцы.
Таксама прапануецца выказацца пра плюсы і мінусы пастановы, яе ўплыў на грамадзян і арганізацыі, а пры неабходнасці — прапанаваць канкрэтныя змены.
Абмеркаванне праходзіць у спецыяльнай тэме на прававым форуме Беларусі з 22 па 31 снежня 2025 года. Пры гэтым накіраваныя прапановы не будуць лічыцца афіцыйнымі электроннымі зваротамі, таму адказы на іх давацца не будуць.