Top.Mail.Ru

Беларусы перамаглі футбалістаў Сан-Марына ў Лізе нацый УЕФА

Футбалісты зборнай Беларусі з лікам 2:0 абыгралі ў гасцях каманду Сан-Марына ў матчы Лігі нацый УЕФА, паведамляе БелТА.

Паядынак у Серавале прайшоў з перавагай гасцей, і ўжо на 13-й хвіліне Кірыл Гоманаў забіў свой першы мяч у складзе нацыянальнай зборнай. Яшчэ праз 4 хвіліны хуткую атаку беларусаў дакладным ударам завяршыў Арцём Канцавы. Пасля перапынку беларускія футбалісты шмат атакавалі, але больш галоў не забілі. У першым крузе беларусы таксама ўпэўнена перамаглі санмарынцаў у Будапешце з сухім лікам 4:0. Заключную сустрэчу гэтага сезона падапечныя Віктара Ганчарэнкі правядуць 15 лістапада ў венгерскай сталіцы з лідарам групы C1 — камандай Албаніі. У першым крузе ў Тыране албанцы былі мацнейшымі — 2:0. Акрамя таго, зборная Беларусі двойчы згуляла з фінамі: у Хельсінкі сапернікі пераможцу не выявілі — 0:0, а ў намінальна дамашнім паядынку ў Будапешце наша каманда перамагла з мінімальнай перавагай — 1:0. У іншым матчы пятага тура зборная Албаніі дома перамагла фінаў з вынікам 2:0. Турнірнае становішча пасля пяці гульнявых дзён: Албанія — 12 ачкоў, Беларусь — 10, Фінляндыя — 7, Сан-Марына — 0.

У наймацнейшым дывізіёне Лігі нацый матчы пятага тура прайшлі ў дзвюх групах. У паядынку двух фаварытаў квартэта А1 футбалісты Італіі ў Мілане здабылі валявую перамогу над Францыяй — 3:1. Туркі пацярпелі пятае паражэнне запар, саступіўшы ў Ізміры бельгійцам з лікам 1:2. Становішча каманд: Італія — 10, Францыя — 10, Бельгія — 9, Турцыя — 0. Лідары групы А3 іспанцы выйгралі пяты матч запар, перамогшы ў Празе чэхаў з лікам 2:0. Другую пуцёўку ў чвэрцьфінал забяспечылі сабе англічане, якія перайгралі ў Лондане харватаў — 2:1. Становішча каманд: Іспанія — 15, Англія — 12, Харватыя — 3, Чэхія — 0.

Групавыя этапы ва ўсіх дывізіёнах Лігі нацый завершацца 17 лістапада. Вясной 2027 года барацьбу за ўзнагароды працягнуць каманды, якія занялі 1–2-я месцы ў чатырох квартэтах лігі A. Чвэрцьфіналы адбудуцца ў сакавіку, затым чатыры найлепшыя зборныя выйдуць у фінальную стадыю, якая пройдзе ў чэрвені.

Пераможцы лігі B выйдуць у лігу A, чатыры найлепшыя каманды лігі C пяройдуць у лігу B. Акрамя таго, у сувязі са змяненнем фармату турніру ўсе каманды лігі D атрымаюць пуцёўкі ў лігу C. Пачынаючы з сезона 2028/29, удзельнікі Лігі нацый УЕФА будуць падзелены на тры лігі. У кожным з трох дывізіёнаў A, B, C будзе сфарміравана па тры групы з шасці каманд.

Пераможцам Лігі нацый двойчы станавілася зборная Партугаліі (2019, 2025), па разе яе выйгравалі футбалісты Францыі (2021) і Іспаніі (2023).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю