Зборная Беларусі па міні-футболе перамогай завяршыла выступленне на чэмпіянаце Еўропы, паведамляе БелТА.
У Любляне ў заключным паядынку папярэдняй групы С беларусы адолелі каманду Славеніі з вынікам 3:2. Ужо на дзявятай секундзе сустрэчы беларусы апынуліся ў ролі даганяючых, прапусціўшы мяч пасля ўдару Джэрэмі Букаўца. Такі пачатак не збянтэжыў гасцей і неўзабаве Сяргей Крыкун зраўняў вынік. Адразу пасля перапынку беларусы пайшлі наперад і праз дзве хвіліны Арцём Козел забіў другі мяч. Каб прабіцца ў плэй-оф гаспадарам нельга было прайграваць і на 5-й хвіліне другога тайма Джэрэмі Букавец аднавіў парытэт. Яшчэ праз пяць хвілін Арцём Козел аформіў галявы дубль, прынёсшы беларусам першую вікторыю на чэмпіянатах Еўропы. У першым матчы падапечныя Аляксандра Чарніца прайгралі бельгійцам (0:4), а затым уступілі сяміразовым чэмпіёнам кантынента іспанцам (0:2).
У другой гульні гэтага квартэта зборная Іспаніі разграміла каманду Бельгіі — 10:3. Выніковае становішча: Іспанія — 9 ачкоў, Бельгія — 3, Славенія — 3, Беларусь — 3. Беларуская зборная другі раз у сваёй гісторыі выступала сярод лепшых дружын Старога Свету. У 2010 годзе на ЧЕ ў Венгрыі каманда Валерыя Дасько таксама не змагла выйсці з групы, прапусціўшы наперад будучага чэмпіёна Іспанію і сярэбранага прызёра Партугалію.
Пазней у славенскай сталіцы пройдуць заключныя сустрэчы групы D. Дзеючыя чэмпіёны Еўропы партугальцы, якія ўжо забяспечылі сабе выхад у чвэрцьфінал, згуляюць з палякамі, а за другую пуцёўку венгры паспрачаюцца з італьянцамі. Становішча каманд: Партугалія — 6, Італія — 3, Венгрыя — 3, Польшча — 0. У 1/4 фіналу партугальцы будуць сапернічаць з бельгійцамі, а Іспанія сустрэнецца з другой камандай квартэта D.
Яшчэ ў двух чвэрцьфіналах дэбютант ЧЕ зборная Арменіі сустрэнецца з харватамі, а французы згуляюць са зборнай Украіны.
Матчы 1/4 фіналу пройдуць 31 студзеня і 1 лютага, паўфіналы намечаны на 4 лютага, матч за бронзу і сустрэча за чэмпіёнскі тытул адбудуцца 7 лютага ў славенскай сталіцы.
Чатыры гады таму ў Нідэрландах сваё другое золата кантынентальнага першынства заваявала каманда Партугаліі, якая перамагла ў вырашальным паядынку расіян з лікам 4:2. У гульні за бронзавыя ўзнагароды іспанцы перайгралі зборную Украіны — 4:1. Зборная Іспаніі сем разоў станавілася чэмпіёнам Еўропы, па два тытулы ў Італіі і Партугаліі, адзін — у Расіі.