Беларускія спартсмены ўпершыню пасля чатырохгадовага адхілення згулялі на этапе Сусветнага тура ў катэгорыі Futures па пляжным валейболе, паведаміла БелТА.
Спаборніцтвы праходзяць у турэцкім Балыкесіры, удзел у турніры прыняў мацнейшы беларускі дуэт Аляксандр Дзядкоў — Павел Пятрушка. У асноўнай сетцы выступілі 16 пар з дзесяці краін, нашы валейбалісты трапілі ў групу В. Беларусы згулялі два матчы і не здолелі выйсці ў плэй-оф — з лікам 0:2 па сэтах Дзядкоў і Пятрушка ўступілі італьянцам (19:21, 17:21) і немцам (26:28, 12:21).
Раней у бягучым годзе Павел Пятрушка разам з Пятром Бахнаром сталі прызёрамі аднаго з этапаў Кубка Расіі па пляжным валейболе. Аляксандр Дзядкоў прапускаў пачатак сезона з-за траўмы.