Top.Mail.Ru
703

Беларусы прывезлі ўзнагароды з ветэранскага чэмпіянату свету па дзюдо

З 3 па 7 лістапада ў сталіцы Францыі праходзіў ветэранскі чэмпіянат свету па дзюдо. Нашы спартсмены паказалі бліскучы вынік, заваяваўшы два бронзавыя і адзін сярэбраны медалі. На працягу некалькіх дзён каманда з дванаццаці чалавек пад кіраўніцтвам Сяргея Карнейчыка годна змагалася на татамі. Пра шлях да перамогі, цяжкасці і эмоцыі расказалі галоўныя героі турніру — трэнер і прызёры. 


«Наш сцяг зноў узнялі на сусветным форуме — гэтым варта ганарыцца»

Як адзначыў трэнер каманды ветэранаў дзюдо Сяргей КАРНЕЙЧЫК, поспех Беларусі на чэмпіянаце свету стаў заканамерным вынікам работы, якая вялася цягам года. Безумоўна, на такіх спаборніцтвах не бывае слабых сапернікаў, — канстатаваў ён. — Хваляванне, асабліва ў першых сустрэчах, адчувалася. Маёй задачай як трэнера было дапамагчы спартсменам зняць зажым, настроіцца на барацьбу. Яны справіліся бліскуча: пераадолелі стартавае напружанне, паверылі ў свае сілы і паказалі сапраўдны баявы характар. Кожная сустрэча была напружанай, перамогі літаральна вырывалі зубамі».

Падрыхтоўка ветэранаў патрабуе асаблівага, разумнага падыходу. «Ім ужо нельга даваць тыя ж нагрузкі, што і дзеючым спартсменам, але дысцыпліна і сістэмнасць застаюцца нязменнымі, — звярнуў увагу трэнер каманды. — Мы год ішлі па пэўным плане: тры трэніроўкі ў тыдзень, рэжым, падрыхтоўка. Праца была стараннай — не толькі на татамі, але і ў арганізацыі: візы, экіпіроўка. Але калі ёсць мэта, ты ідзеш да яе».

Для каманды ветэранаў заваяваныя медалі — больш, чым проста ўзнагароды. Найперш гэта папулярызацыя дзюдо. «Калі дзеці бачаць, як ветэраны ўзнімаюць нацыянальны сцяг на такім форуме, у іх загараюцца вочы, з’яўляецца азарт і жаданне самім дасягаць вышынь, — адзначыў Сяргей Карнейчык. — Для нас было прынцыпова важным выступіць пад сваім сцягам, што доўгі час было немагчыма. І мы гэта зрабілі — беларускі сцяг узнялі на сусветным форуме. Гэтым сапраўды варта ганарыцца».

«Ветэранскае дзюдо — гэта мудрасць, якую не заменіць маладосць»

Уладальнік сярэбранага медаля чэмпіянату свету Курбан МЕХЦІЕЎ у 62 гады робіць сальта, падымае вагу ў 100-105 кг і рыхтуецца да новых перамог. Калі ў 2024 годзе Сяргей Карнейчык арганізаваў ветэранскі рух, Курбан Мехціеў пачаў трэніравацца. Паступова дзюдаіст прыйшоў у добрую форму, вага сышла сама сабой. Да чэмпіянату свету быў у выдатнай форме.
«Падрыхтоўка ветэранаў моцна адрозніваецца ад падрыхтоўкі маладых спартсменаў, — звярнуў увагу Курбан Мехціеў. — Арганізм ужо не той: пульс падымаецца да 150 за 2-3 хвіліны барацьбы, патрэбны адпачынак. У 62 гады лёгка атрымаць траўму, таму размінцы ўдзяляю асаблівую ўвагу. Але праз „не магу“ працягваю трэніравацца».

Спартсмен прызнаецца, што падчас чэмпіянату вельмі разлічваў на «золата», але не атрымалася. «Выпраўлю гэта на чэмпіянаце Еўропы: падрыхтуюся і выйграю, — падкрэслівае ён. — Пасля апошніх спаборніцтваў у 1990-м прайшло 35 гадоў. Я займаўся бізнесам, сям’ёй, выхаваннем дзяцей. Цяпер, калі дзеці выраслі, з’явіўся час вярнуцца ў дзюдо. Любоў да яго толькі расце, і я планую выступаць на чэмпіянатах Еўропы і свету бліжэйшыя гады. Вынікі павінны стаць яшчэ лепшымі».


Для бронзавага прызёра чэмпіянату свету Дзмітрыя ГРАМЫКІ заваяваны медаль — вянец доўгай кар’еры, які даказвае простую ісціну: не трэба глядзець у пашпарт, а важна заўсёды працаваць над сабой і рухацца наперад.

«Гэта перамога асабліва каштоўная, бо менавіта на буйных сусветных форумах у якасці дзеючага спартсмена мне раней не ўдавалася ўзняцца на п’едэстал, — расказаў ён. — Падрыхтоўка да ветэранскіх спаборніцтваў кардынальна адрозніваецца ад маладосці. Раней можна было цалкам паглыбіцца ў трэніровачны працэс, а цяпер сумяшчаеш спорт з працай. Нагрузкі іншыя — не тыя цяжары ў зале, не тая хуткасць. Але я імкнуўся трэніравацца амаль гэтак жа інтэнсіўна».

Дзмітрый Грамыка заўважыў, што выходзіць на татамі па ўласным жаданні. «Калі раней спорт быў працай, то цяпер ён стаў сэнсам жыцця, — падкрэсліў спартсмен. — Мне падабаецца змагацца, адчуваць гэты ні з чым не параўнальны адрэналін. Хачу даказаць іншым людзям майго ўзросту, што спорт для іх не закрыты. На тым жа чэмпіянаце свету выступаў 86-гадовы дзюдаіст! Пакуль чалавек рухаецца — ён жыве. Маё пажаданне: не глядзіце ў пашпарт, глядзіце толькі наперад. Займайцеся спортам у любым узросце!».

Бронзавы прызёр чэмпіянату свету Валерый ШЧЭМЕЛЕЎ расказаў, што, у параўнанні з маладым узростам, прынцыпы падрыхтоўкі змяніліся. «У маім узросце галоўнае — захаваць фізічную форму і пазбегнуць траўм, — удакладніў ён. — Назапашаны за гады вопыт нікуды не знікае, але важна падысці да старту ў аптымальным стане. На жаль, некаторыя хлопцы атрымалі траўмы падчас падрыхтоўкі і не змаглі выступіць у поўную сілу».

У ветэранскім дзюдо тактыка і мудрасць, набытыя за гады практыкі, маюць велізарнае значэнне. «Аднак без добрай фізічнай формы немагчыма супрацьстаяць сапернікам, — канстатаваў Валерый Шчэмелеў. — За 50 гадоў у дзюдо мая любоў да гэтага віду спорту толькі ўмацавалася. Асабліва прыемна, што пасля вяртання з чэмпіянату свету мае вучні, натхнёныя вынікам, папрасілі павялічыць колькасць трэніровак. Лічу гэта найлепшай узнагародай — сваім прыкладам удалося вярнуць іх на татамі».

Беларускія ветэраны даказалі, што ўзрост не перашкода для поспехаў у спорце. Сваімі медалямі яны працягваюць традыцыі беларускага дзюдо і ствараюць новую гісторыю на міжнароднай арэне.  

Эліна ГРАМЫКА, вучаніца 11 «Д» класа Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.
Фота з асабістага архіва спартсменаў. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю