Зборная Беларусі па пляжным футболе пераможна завяршыла першы этап чэмпіянату свету на Сейшэлах, паведамляе БелТА.
Зборная Беларусі па пляжным футболе пераможна завяршыла першы этап чэмпіянату свету на Сейшэлах, паведамляе БелТА.
Сёння ў сваім трэцім паядынку папярэдняй групы А беларусы разграмілі каманду Гватэмалы з лікам 12:3.
Беларусы мелі істотную перавагу і не пакінулі сапернікам ніводнага шанцу на поспех. У першым перыядзе пачатак разгрому паклалі Алег Гапон і Анатоль Рабко. Пасля першага перапынку галявы дубль аформіў лепшы снайпер ЧС-2024 Ігар Брыштэль, свой другі мяч забіў Анатоль Рабко, яшчэ па разе вызначыліся Вадзім Бокач і галкіпер Уладзімір Усціновіч. У трэцім перыядзе Ігар Брыштэль і Анатоль Рабко забілі яшчэ па два мячы, а Вадзім Бокач аформіў дубль. Сапернікам удалося тройчы паразіць вароты нашай каманды.
У дзвюх стартавых сустрэчах падапечныя Карласа Альварада атрымалі перамогі над камандамі Сейшэльскіх астравоў і Японіі з аднолькавым вынікам 6:3. Зборная Гватэмалы спачатку прайграла японцам (2:6), а затым адолела Сейшэлы (4:3). У другім сённяшнім матчы гэтага квартэта каманда Японіі згуляе з гаспадарамі сусветнага першынства.
Становішча каманд перад апошняй сустрэчай: Беларусь — 9 ачкоў (3 матчы), Гватэмала — 3 (3), Японія — 3 (2), Сейшэлы — 0 (2). Беларусы з першага месца выйшлі ў чвэрцьфінал.
Там іх чакае сустрэча з другой камандай квартэта В, дзе заключныя сустрэчы пройдуць сёння: Парагвай — Маўрытанія, Іран — Партугалія. Там становішча пасля двух гульнявых дзён такое: Партугалія — 6 ачкоў, Іран — 6, Парагвай — 0, Маўрытанія.