Нацыянальны статыстычны камітэт падвёў вынікі абследавання аб выкарыстанні бюджэту часу насельніцтвам. Пасяджэнне, прысвечанае вынікам выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак на тэму «Выкарыстанне сутачнага фонду часу насельніцтвам», адбылося ў Мінску.
Так, паводле абследавання, насельніцтва краіны ва ўзросце 10 гадоў і старэй 11 гадзін 35 хвілін траціць на догляд сябе (сон, прыём ежы і асабістая гігіена), 8 гадзін — на працу, навучанне, вядзенне дамашняй гаспадаркі і догляд членаў сям’і, дапамогу сваякам і сябрам, 4 гадзіны 18 хвілін — гэта свабодны час. «Для параўнання: 10 гадоў назад на догляд сябе беларусы трацілі на 29 хвілін менш, а свабоднага часу было на 18 хвілін больш. Цяпер мы спім на 16 хвілін даўжэй і ядзім даўжэй на 4 хвіліны», — расказаў намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Аляксей Яркавец.
Ён падкрэсліў: час — важны паказчык паўсядзённага жыцця чалавека. «А параўнанне бюджэтаў часу за розныя перыяды дазваляе прасачыць, як тэхналагічны прагрэс і сацыяльныя трансфармацыі мяняюць паўсядзённае жыццё людзей. За апошнія дзесяцігоддзі было праведзена звыш 250 абследаванняў выкарыстання часу больш чым у 80 краінах свету. І Беларусь адна з такіх краін. Такое абследаванне ў нашай краіне праводзіцца адзін раз на 10 гадоў, папярэдняе было праведзена ў 2014–2015 гадах», — адзначыў Аляксей Яркавец.
У час абследаванняў бюджэту часу збіраецца інфармацыя аб тым, як насельніцтва краіны размяркоўвае свой час на працягу дня, выконваючы розныя віды дзейнасці. І такім чынам ствараецца дэталёвая карціна таго, як людзі размяркоўваюць свой час, чым яны займаюцца і як доўга. «Вынікі — шырокі інфармацыйны рэсурс для аналізу і маніторынгу прагрэсу ў забеспячэнні роўных магчымасцяў для жанчын і мужчын ва ўсіх сферах жыцця», — падкрэсліў намеснік старшыні камітэта.
Начальнік аддзела абследаванняў дамашніх гаспадарак галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці Таццяна Чайкіна паведаміла, што людзям было цікава паўдзельнічаць у абследаванні. «Яно праходзіла на ўжо складзенай сетцы дамашніх гаспадарак. Работа са статыстыкай ім знаёмая і зразумелая. Таму наша асноўная задача была ў тым, каб якасна навучыць інтэрв’юераў данесці сям’і, для чаго гэта абследаванне трэба, якія потым мы атрымаем даныя, дзе тыя даныя будуць выкарыстоўвацца», — дадала яна.
Даследаванне, якое праводзілася з красавіка 2024 года па сакавік 2025-га, ахапіла 6 тыс. дамашніх гаспадарак па ўсёй краіне, а гэта больш як 11,5 тыс. чалавек ва ўзросце 10 гадоў і старэйшыя. Удзельнікі запаўнялі два 24-гадзінныя дзённікі, падрабязна фіксуючы ўсе віды дзейнасці на працягу будняга і выхаднога дня ў каляндарным тыдні.