Top.Mail.Ru
179

Беларусы Цюмені захоўваюць старажытны абрад

У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук прайшла сустрэча з расійскімі даследчыкамі, якія вывучаюць традыцыі беларусаў Цюменскай вобласці.



У сяле Асінаўка Цюменскай вобласці захоўваецца беларускі народны хрысціянскі абрад «Свяча». Яго сталі праводзіць у канцы 1930-х гадоў, калі была разбурана вясковая царква. Адной з жыхарак удалося вынесці і захаваць абраз са знішчанага храма. Вяскоўцы па чарзе прымаюць святыню ў сябе. Абрад пераносу здзяйсняецца штогод на Каляды. Дом, які прымае мясцовую святыню, на год становіцца царквой — сюды можа зайсці памаліцца любы чалавек. Гаспадарам, у якіх знаходзіцца святыня, у гэты час асаблівая пашана. А яшчэ ў вёсцы вераць, што дзякуючы Свячы ў гэтай хаце будзе лад і дабрабыт.

Пра экспедыцыю да нашчадкаў перасяленцаў расказаў доктар філалагічных навук, загадчык навукова-вучэбнай лабараторыі тэарэтычнай і палявой фалькларыстыкі прафесар Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Мароз. Беларускім вучоным ён прадставіў фільм, зроблены на матэрыялах палявога даследавання. 

Асінаўка і суседняя вёска Ермакі заснаваны перасяленцамі з Беларусі, якія прыйшлі сюды ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. У адрозненне ад іншых перасяленцаў, якія прыбывалі ў Сібір па Сталыпінскай рэформе, сюды беларусы прыйшлі па ўласнай ініцыятыве. Таму і называюць яны сябе «самаходамі». Гэту назву захоўваюць і іх нашчадкі, якія вельмі ганарацца сваім паходжаннем. Пэўны час тут захоўвалася і асаблівая, «самаходская» гаворка. Сярод маладзейшых жыхароў яе ўжо не пачуеш, але беларускую мову нашы суайчыннікі ў Сібіры імкнуцца вывучаць па кнігах і інтэрнэце, спяваюць на ёй. 

Саму традыцыю з пераносам Свячы перасяленцы паўтарылі на новым месцы так, як гэта было на беларускіх землях, адкуль яны прыбылі (з Магілёўшчыны). «Свячой» называецца не толькі абрад, але і святыня — абраз, ці комплекс, у які дадаецца яшчэ і свечка. На Беларусі такі абрад і сёння праводзіцца ў некаторых вёсках у дзень ушанавання святых ці пэўныя праваслаўныя святы.

У Асінаўцы Свяча — гэта драўляны кіот, які складаецца з трох частак. Галоўным лічыцца абраз «Уваскрасення Хрыстова». Людзі вераць, што ён цудадзейны, расказваюць пра дзівосы, якія адбываліся ў час яго пераносу. Слава пра Самаходскую свячу разнеслася далёка. Лакальны рытуал ператварыўся ў рэгіянальны брэнд. Абрад мае статус нематэрыяльнай спадчыны Цюменскай вобласці. Апошнія гады на перанос Свячы прыязджаюць не толькі жыхары бліжэйшых вёсак, але і госці з розных куткоў Расіі. Ахвотных памаліцца, запаліць свечку каля святыні, загадаць жаданне ці папрасіць аб здароўі столькі, што на вуліцы выстройвацца чэргі. 

Свята распачынаецца ў хаце, якая развітваецца са святыняй, тут накрываецца стол. Гаспадары, якія прымаюць Свячу, выкладаюць саломай шлях да свайго дома. Мясцовыя жыхары і госці становяцца ў рад на калені і абраз праносіцца над іх галовамі. У вёсцы вераць, што так можна атрымаць блаславенне на будучы год. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю