Стартаваў міжнародны мультыспартыўны форум, на якім беларускія каманды зноў могуць выступаць без абмежаванняў, шчыра і справядліва. У сталіцы Паўночнай Македоніі, горадзе Скоп’е, пачаўся XVІІІ летні юнацкі алімпійскі фестываль. Мультыспартыўны форум сабраў 1700 атлетаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў з 49 краін, з іх 46 — прадстаўнікі Беларусі.
Для маладых атлетаў юнацкія фестывалі — першы крок для вялікай спартыўнай будучыні. Тыя, хто прайшоў праз гэтыя спаборніцтвы, калі не фізічна, дык псіхалагічна дакладна больш гатовыя да чэмпіянатаў Еўропы і свету, Аліміпйскіх гульняў, паколькі ужо маюць досвед удзелу ў буйных міжнародных стартах.
«Наша дэлегацыя возьме ўдзел у фестывалі ўпершыню з 2021 года. Дабраліся добра. Цэлы дзень былі ў дарозе, але задаволеныя. Спаборніцтвы працягнуцца пяць дзён. Беларуская каманда выступіць у форме Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Гэта адбудзецца ўпершыню за апошнія чатыры гады. Спадзяемся, што хлопцы і дзяўчаты пакажуць усё, на што здольныя, той максімальны вынік, да якога яны цяпер гатовыя. І ўся краіна будзе балець за іх», — адзначыў шэф місіі беларускай дэлегацыі Васіль Юрчык.
- Беларускія спартсмены выступяць у шасці відах спорту. За медалі ў плаванні будуць змагацца Максім Малышка, Настасся Васіленка, Мікіта Лях, Валерыя Шылко, Кацярына Сакалова, Бажэна Піваш, Ксенія Мастовіч, Мілана Саўчанка, Марыя Адамовіч і Ірына Гурская. Усяго плыўцы разыграюць 30 камплектаў узнагарод. Свае здольнасці ў кулявой стральбе прадэманструюць Юрый Краўцоў, Арсень Ліванцоў, Аліна Несцяровіч і Дар’я Чупрыс. Дарэчы, кулявая стральба на Еўрапейскім юнацкім алімпійскім фестывалі прадстаўлена ўпершыню. У панядзелак Арсеній Ліванцоў заваяваў бронзавы медаль у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на 10 метраў.
З удзелам нашых спартсменаў пройдуць спаборніцтвы па дзюдо. На татамі выйдуць Глеб Кандратовіч, Раман Кузняцоў, Мікіта Марозаў, Аляксандр Алейнікаў, Фелікс Саўчанка, Арсеній Кірылаў, Данііл Лукашэвіч, Ангеліна Шынкарова, Аляксандра Маісеенка, Соф’я Мінько, Соф’я Лісоўская і Дар’я Плескацэвіч. У турніры па настольным тэнісе заяўлены Варвара Зайцава і Назар Мацко. Скоп’е для беларускіх дзюдаістаў — горад шчаслівы. Зусім нядаўна, напрыканцы чэрвеня, Аляксандр Алейнікаў, Раман Кузняцоў, Данііл Лукашэвіч, Соф’я Мінько і Соф’я Лісоўская сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіянату Еўропы. Выдатная заява на выступленне.
Вялікае беларускае прадстаўніцтва ў веласпорце. Сваю хуткасць прадэманструюць Цімур Платонаў, Мікіта Жданаў, Аляксандр Герасіменка, Васіліна Церахава, Васіліна Чарнавокая і Маргарыта Садоўская. А ў заездах па веламотакросе возьмуць удзел Канстанцін Герасіменка і Дыяна Данілава. Веламотакрос — новы кірунак веласпорту, які найлепшым чынам падыходзіць для маладых і бясстрашных спартсменаў. Гонка праходзіць на бездарожжы, і на трасе спартсменам даводзіцца пераадолець нямала перашкод, у тым ліку і крутых віражоў
Без беларускіх спартсменаў не абыдзецца турнір па тэквандо. Удзельнічаць у ім будуць Вікторыя Карнач, Марыя Струнец, Арына Жук, Настасся Курылёнак, Паліна Міхальчук, Мікіта Белавы, Уладзімір Мароз, Уладзімір Шрамук, Віктар Баркоўскі і Станіслаў Піваварчык. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на Паліну Міхальчук — бронзавага прызёра чэмпіянату свету.
Фота НАК Беларусі