Беларускія спартсмены возьмуць удзел у міжнароднай культурна-спартыўнай падзеі ў Кыргызстане — VІ Сусветных гульнях качэўнікаў.
Сусветныя гульні качэўнікаў (СГК) пройдуць у Бішкеку і Чалпон-Аце з 1 да 6 верасня, цырымонію адкрыцця з удзелам кіраўнікоў дзяржаў 31 жніўня прыме новая «Бішкек Арэна». Гульні традыцыйна ўключаюць тры кірункі — спартыўны, культурны і навуковы, апроч спаборніцтваў у Кыргызстане адбудуцца канферэнцыі і этнічныя фестывалі. Усяго гульні збяруць каля 4 тысяч атлетаў і прадстаўнікоў з 90 краін.
Удзельнікі вызначаць прызёраў у 43 спартыўных дысцыплінах, якія аб’яднаныя ў 9 катэгорый: нацыянальныя гульні, конныя скачкі, спаборніцтвы на конях, нацыянальныя віды барацьбы, традыцыйныя сілавыя віды спорту, традыцыйныя інтэлектуальныя гульні, стральба з лука, стральба з лука вярхом на кані.
Беларусь на СГК прадставяць дзевяць атлетаў у трох відах спорту. У барацьбе на паясах выступяць Раман Карчыньскі, Захар Багрыцэвіч і Міхаіл Саланенка, у армрэстлінгу заяўлены Аляксандр Луцкевіч, Данііл Вярэніч і Аляксандр Хвашчэўскі, а за прызы ў самба будуць змагацца Уладзіслаў Кулеш і медалісты чэмпіянату Еўропы і Кубка свету Уладзіслаў Мардусевіч і Арсеній Маліцкі.
Сусветныя гульні качэўнікаў накіраваны на адраджэнне, захаванне і развіццё нематэрыяльнай спадчыны, этнаспартыўных традыцый і культурнай самабытнасці народаў свету. У 2026 годзе спаборніцтвы адбудуцца шосты раз, прадстаўнікі нашай краіны бяруць удзел у СГК з першага года іх правядзення (2014).