Беларускія самбісты заваявалі восем медалёў чэмпіянату Еўропы сярод спартсменаў не старэйшых за 20 гадоў у кіпрскім Лімасоле, паведамляе БелТА.
На маладзёжным першынстве кантынента выступілі 13 беларускіх атлетаў, на рахунку нашых хлопчыкаў і дзяўчынак адна залатая, чатыры сярэбраныя і тры бронзавыя ўзнагароды. Пераможцам спаборніцтваў стаў Данііл Патачыц, які выступае ў вазе да 98 кг. Другія месцы ў сваіх катэгорыях занялі Ганна Арцёмава (да 50 кг), Паліна Лук’янчук (звыш 80 кг), Іван Сямёнаў (да 79 кг) і Арсеній Маліцкі (звыш 98 кг). Ва ўсіх фіналах пятніцы беларусы сапернічалі з юнымі самбістамі з Расіі.
У паядынку за трэцяе месца наш Уладзіслаў Кузняцоў (да 64 кг) перамог літоўца Арэстаса Зімінаса, Уладзімір Батракоў (да 88 кг) быў мацнейшы за ўкраінца Андрэя Вайтышэнку, а Мар’яна Жукавец (да 80 кг) атрымала бронзу пасля паражэння ў паўфінале. Карына Жоглік (да 59 кг) і Крысціна Еўсюк (да 65 кг) пацярпелі няўдачы ў сутычках за бронзавыя медалі.
Раней на Кіпры адбыўся чэмпіянат Еўропы сярод дарослых атлетаў, на якім беларускія самбісты заваявалі 10 (2-1-7) узнагарод. Перамогі на турніры атрымалі Марыя Кандрацьева (звыш 80 кг) і Эдуард Куцко (да 79 кг, баявое самба). Заўтра ў Лімасоле пройдзе першынство кантынента сярод юніёраў і юніёрак да 18 гадоў, а 27 красавіка медалі разыграюць юнакі і дзяўчаты да 16 гадоў.
Фота: БелТА