Top.Mail.Ru

Беларусы згуляюць з албанцамі ў кваліфікацыі ЧС па міні-футболе

Беларусы правядуць другі паядынак адборачнага турніру чэмпіянату свету па міні-футболе, паведамляе БелТА.


У славацкім Гумене ў намінальна дамашнім матчы зборная Беларусі сустрэнецца з камандай Албаніі (пачатак гульні ў 17.30). На старце спаборніцтваў 20 кастрычніка падапечныя Аляксандра Чэрніка ўступілі ў Астане казахстанскай зборнай з мінімальнай розніцай у ліку — 4:5. У складзе гасцей галявы дубль аформіў Сяргей Крыкун, па разе вызначыліся Максім Батурын і Дзмітрый Швядко. Другі паядынак з Казахстанам беларусы правядуць 10 лістапада ў Гумене, а 26 лютага 2027 года ў апошняй сустрэчы 6-й кваліфікацыйнай групы згуляюць з албанцамі ў Тыране.

Непасрэдна ў элітны раўнд еўрапейскай кваліфікацыі выйдуць пераможцы 12 груп і чатыры лепшыя каманды, якія фінішуюць другімі. Астатнія восем уладальнікаў другіх месцаў згуляюць у стыкавых матчах і вызначаць яшчэ чатырох удзельнікаў элітнага этапу. Па выніках адборачнага турніру на чэмпіянаце свету згуляюць сем еўрапейскіх зборных, але калі права правядзення фінальнай стадыі будзе даверана нацыянальнай асацыяцыі УЕФА, то яе зборная атрымае прамую пуцёўку, і па выніках кваліфікацыі на чэмпіянат свету трапяць толькі шэсць еўрапейскіх каманд.

Фінальны этап 11-га планетарнага форуму пройдзе з 7 па 29 кастрычніка 2028 года, у ім прымуць удзел 24 каманды з усіх кантынентаў. Беларусы яшчэ ні разу не выступалі ў фінальнай стадыі чэмпіянату свету па фіні-футболе. У вырашальным паядынку мінулага сусветнага першынства, якое праходзіла ў 2024 годзе ва Узбекістане, зборная Бразіліі з лікам 2:1 перамагла аргенцінцаў, заваяваўшы шосты тытул. Два разы чэмпіёнамі планеты станавіліся іспанцы, па адным разе залатую ўзнагароду бралі партугальцы і аргенцінцы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю