Беларускія пяціборцы заваявалі 11 узнагарод на чэмпіянаце Еўропы сярод спартсменаў да 15 і да 19 гадоў, які праходзіў у партугальскім горадзе Калдаш-да-Раінья, паведамляе БелТА.
Нашу краіну ў Партугаліі прадставілі 26 юных пяціборцаў, з якіх прызёрамі сталі дзевяць. У суме ў абедзвюх узроставых катэгорыях з улікам камандных відаў беларусы выйгралі сем залатых, тры сярэбраныя і адзін бронзавы медалі. На першынстве кантынента-U15 нашы спартсмены ўзялі восем узнагарод (6-2-0), яшчэ тры былі здабытыя ў групе U19 (1-1-1).
У малодшай катэгорыі перамогі ва ўсіх чатырох дысцыплінах (асабістае, каманднае, эстафета, мікст) атрымаў Клім Гнедчык, у дзяўчат трохразовай чэмпіёнкай стала Аліса Квашнеўская. У старэйшай групе Акім Гнедчык заваяваў па адным медалі кожнай вартасці.
У канцы жніўня беларускія пяціборцы трыумфальна выступілі на юнацкім чэмпіянаце свету ў Іспаніі. Адтуль яны прывезлі дзевяць узнагарод (5-2-2). Сем разоў на п’едэстал тады падымаліся хлопцы да 15 гадоў, два вышэйшыя прызавыя месцы дадалі хлопцы да 19 гадоў.