Авіякампанія «Белавія» раніцай 8 кастрычніка адкрыла першы рэгулярны далёкамагістральны рэйс Мінск — Санья на паўднёвае ўзбярэжжа вострава Хайнань у Кітаі. Пра гэта паведамляе SB.by.
Як вынікае з інфармацыі на сайце перавозчыка, самалёт Airbus A330-200 вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск у 5:21.
Санья — галоўная курортная жамчужына Хайнаня, якая прываблівае турыстаў мяккім трапічным кліматам, крыштальна чыстымі водамі Паўднёва-Кітайскага мора, беласнежнымі пляжамі і багатай флорай. Усё гэта робіць напрамак сапраўдным раем для аматараў адпачынку і экзотыкі. Яго адкрыццё стала магчымым дзякуючы набыццю авіякампаніяй далёкамагістральных самалётаў Аirbus A330-200.
Рэйсы будуць выконвацца адзін раз на тыдзень. Кошт білетаў — ад 1325 рублёў у адзін бок і ад 2162 рублёў туды-назад. Час у дарозе складае каля 10 гадзін 20 хвілін па напрамку туды і 11 гадзін 20 хвілін на зваротным шляху.