Top.Mail.Ru

«Белавія» аднавіла прамыя рэйсы паміж Мінскам і Уфой

Наводзім авіямасты

Зноў можна хутка і з камфортам дабрацца з беларускай сталіцы да сталіцы Рэспублікі Башкартастан і ў зваротным кірунку. У сераду пасля пэўнага перапынку наш нацыянальны авіяперавозчык аднавіў выкананне рэгулярных рэйсаў па маршруце Мінск — Уфа — Мінск. Безумоўна, гэта адкрывае новыя магчымасці для развіцця дзелавых, эканамічных і турыстычных сувязяў. І вельмі сімвалічна, што палёты аднавіліся напярэдадні адкрыцця XІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Пакуль рэйсы па гэтым маршруце будуць выконвацца адзін раз на тыдзень — па серадах. Вылет з Нацыянальнага аэрапорта Мінск — у 9.30, прыбыццё ў Міжнародны аэрапорт Уфа — у 14.20. З Уфы самалёт будзе вылятаць у 15.20, а прызямляцца ў Мінску — у 16.20. Для абодвух аэрапортаў указаны мясцовы час, які ў сталіцы Башкартастана апярэджвае мінскі на дзве гадзіны. Такім чынам, у паветры пасажыры будуць знаходзіцца каля трох гадзін.


Першы рэйс выконваў даволі ўмяшчальны «Боінг-737-8». У далейшым плануецца задзейнічаць на гэтым напрамку «Эмбраер-195».

Уфа стала дзявятым горадам Расійскай Федэрацыі, з якім «Белавія» падтрымлівае рэгулярныя паветраныя зносіны. Расійская маршрутная сетка беларускага авіяперавозчыка таксама ўключае Екацярынбург, Казань, Калінінград, Маскву, Махачкалу, Мурманск, Санкт-Пецярбург і Сочы.

Да восені 2025 года напрамак Мінск — Уфа абслугоўвала авіякампанія Red Wіngs, аднак палёты насілі сезонны характар. Цяпер жа авіязносіны паміж сталіцамі Беларусі і Башкартастана становяцца круглагадовымі і пераходзяць пад кіраванне нашага нацыянальнага авіяперавозчыка.

Аднаўленне прамых авіязносін ужо атрымала станоўчую ацэнку з боку прадстаўнікоў розных ведамстваў. Першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Аляксандр ЯГОРАЎ падчас сустрэчы дэлегацыі Башкартастана, якая прыбыла ў Мінск першым рэйсам, адзначыў, што адкрыццё рэгулярнага маршруту стане важным стымулам для развіцця дзелавой і інвестыцыйнай актыўнасці:

— Сучасны бізнес патрабуе аператыўнасці, асабістых кантактаў і мабільнасці. Прамыя рэйсы будуць спрыяць больш хуткаму развіццю супрацоўніцтва паміж беларускімі і башкірскімі партнёрамі.


Першым рэйсам у Беларусь прыбыў і першы намеснік Прэм’ер-міністра ўрада Рэспублікі Башкартастан Рустам МУРАТАЎ. Ён падкрэсліў, што сістэмная работа паміж бакамі вядзецца ўжо працяглы час і прыносіць канкрэтныя вынікі:

— Супрацоўніцтва развіваецца па многіх кірунках, а паказчыкі экспарту і імпарту дэманструюць станоўчую дынаміку. Разам з вырашэннем актуальных пытанняў бакі ўжо працуюць над новымі праектамі і ініцыятывамі. Асобная ўвага сёння ўдзяляецца развіццю турыстычнага патэнцыялу, знаёмству жыхароў Башкартастана з магчымасцямі Беларусі ў сферах турызму, аховы здароўя і эканомікі.

Генеральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Ігар ЧАРГІНЕЦ паведаміў, што ў далейшым, пасля аналізу дынамікі і фінансавых паказчыкаў маршрута, будзе разгледжана магчымасць павелічэння частаты палётаў.


Сёння перад Беларуссю і Башкартастанам стаіць агульная задача — сфарміраваць устойлівыя турыстычныя патокі. Для гэтага неабходна працягваць актыўную работу як з патэнцыяльнымі турыстамі, так і з трыстычнымі кампаніямі. Несумненна, аднаўленне прамога авіязлучэння — важны крок для паглыблення супрацоўніцтва, развіцця эканамічных сувязяў і пашырэння кантактаў паміж Беларуссю і Башкартастанам.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю