Авіякампанія «Белавія» і прэміяльны квартал DEPO падрыхтавалі аўтарскі даведнік «Беларусь для падарожжаў». Выданне прызначана для пасажыраў бізнес-класа і прапануе пазнаёміцца з адметнымі куткамі краіны, яе прыроднымі багаццямі, архітэктурай і культурнай спадчынай. Праект закліканы заахвоціць турыстаў выходзіць за межы звыклых маршрутаў і адкрываць для сябе не толькі сталіцу, але і іншыя рэгіёны.
У аснову брашуры лягла падборка з 20 лакацый, адабраных з улікам асабістых уражанняў і цікавасці да малавядомых турыстычных напрамкаў. На распрацоўку выдання і яго візуальнае афармленне спатрэбілася пяць месяцаў.
Сярод прыродных аб’ектаў, прадстаўленых у даведніку, — балотны масіў Ельня і экалагічная сцежка «Блакітныя азёры». Аматарам архітэктуры прапануюць наведаць палац Пуслоўскіх у Косаве, палац Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку і Гальшанскі замак. Культурная частка маршрутаў уключае Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый, Музей беларускай маляванкі, а таксама Гродна і Пінск, вядомыя сваёй гісторыяй і архітэктурным абліччам.
Выданне змяшчае аўтарскія фотаздымкі, гістарычныя звесткі, мясцовыя легенды і практычныя парады для падарожнікаў. Матэрыялы падрыхтаваны на рускай і англійскай мовах.
Ініцыятыва стварэння даведніка належыць камандзе DEPO і атрымала падтрымку «Белавія». Супрацоўніцтва аб’яднала дзве кампаніі, зацікаўленыя ў папулярызацыі культурнай спадчыны Беларусі і раскрыцці турыстычнага патэнцыялу краіны. Для авіяперавозчыка праект стаў яшчэ адным спосабам знаёміць пасажыраў з Беларуссю, а не толькі забяспечваць сувязь паміж гарадамі і краінамі.
Даведнік ужо даступны пасажырам бізнес-класа на ўсіх бартах авіякампаніі.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота «Белавія»