«Белавія» прапрацоўвае закупку новых самалётаў. Пра гэта паведаміў міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Ляхновіч, паведамляе БелТА.
«З улікам зняцця санкцый з авіякампаніі „Белавія“ гэта пытанне знаходзіцца ў сур’ёзнай стадыі прапрацоўкі. Спадзяюся, што прынамсі ў наступным годзе да летняга сезона ў айчыннага перавозчыка з’явіцца яшчэ некалькі самалётаў. Пакуль лічбы не буду называць, але задачу такую авіякампаніі ставілі — набыць ад трох да пяці самалётаў да летняга сезона, каб па максімуме задаволіць попыт насельніцтва на пералёты ў курортныя гарады», — сказаў Аляксей Ляхновіч.
У гэтым годзе авіяпарк папоўнілі два Airbus A330-200, яшчэ адзін будзе ўведзены ў строй да лютага. У цэлым пашыраны магчымасці для прамых авіязносін. Плануецца адкрываць новыя маршруты, запатрабаваныя ў пасажыраў.
«Прапрацоўваем каля 20 напрамкаў. Па-першае, гэта кітайскі напрамак. Не буду раскрываць усе сакрэты, таму што вельмі складана сказаць. Тут трэба знайсці баланс з попытам пасажыраў», — адзначыў Аляксей Ляхновіч, дадаўшы, што такая задача авіякампаніям пастаўлена.
У Кітай у тым ліку прапрацоўваецца адкрыццё рэгулярных маршрутаў. Пакуль далёкамагістральныя самалёты лётаюць у большай ступені па чартарных праграмах. На Boeing 737-800 з 18 снежня запускаюцца рэйсы ў Алматы.