«БЕЛДЖЫ» ў красавіку прадставіць удасканаленую мадэль аўто, якое атрымала Дзяржаўны знак якасці, — новы аўтамабіль BELGEE X50+. Пра гэта паведаміў сёння журналістам дырэктар СЗАТ «БЕЛДЖЫ» Генадзь Свідзерскі падчас наведвання прадпрыемства Прэм’ер-міністрам Беларусі Аляксандрам Турчыным, паведамляе БелТА.
«Вы памятаеце, што наш завод атрымаў Дзяржзнак якасці па BELGEE X50. Гэта самая масавая машына. Яна палюбілася і ў Беларусі, і ў Расіі. Але цяпер ёсць мадэрнізаваная версія гэтай машыны BELGEE X50+. Там ужо новая электроніка, чатырохцыліндравы рухавік. У красавіку нашы пакупнікі ўбачаць новую машыну. Усе неабходныя выпрабаванні мы ўжо правялі, і машыны гатовыя да серыйных паставак», — сказаў Генадзь Свідзерскі.
Акрамя таго, «БЕЛДЖЫ» 3 красавіка вывеў на рынак новую мадэль Geely Cityray. «Яна цяпер ёсць ва ўсіх салонах. Гэта ўжо машына на новай платформе. Думаю, што яна спадабаецца нашым спажыўцам», — адзначыў дырэктар прадпрыемства.
Першы квартал бягучага года для «БЕЛДЖЫ» склаўся паспяхова. «Гэта вынік завяршэння першага этапу мадэрнізацыі. Мы павялічылі аб’ёмы вытворчасці ў параўнанні з мінулым годам. Павялічылі экспарт. Добры попыт на расійскім рынку. А з самых значных падзей на беларускім рынку — павелічэнне попыту і продажаў электрамабіляў і гібрыдаў. Далей плануем выконваць бягучае даручэнне ўрада — арганізоўваць другі этап мадэрнізацыі», — пазначыў Генадзь Свідзерскі.