Адкуль у чэрвені ў Беларусь прыйшла спёка вышэй за плюс 35 градусаў, расказала на прэс-канферэнцыі начальніца службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Марына Грыцкевіч, паведамляе БелТА.
У большасці дзён чэрвеня ўмовы надвор’я ў краіне фарміравалі вобласці павышанага атмасфернага ціску заходнееўрапейскага паходжання. «У асобныя дні адбіваўся ўплыў франтальных раздзелаў, якія ссоўваліся з захаду на поўдзень Еўропы, а ў асобныя суткі — цыркуляцыя паўднёвых цыклонаў. У трэцяй дэкадзе месяца ў Беларусі назіралася вельмі цёплае надвор’е, якое абумовілі трапічныя паветраныя масы, што распаўсюджваліся з паўднёвага захаду Еўропы. І ў гэты час сярэднясутачная тэмпература паветра была вышэй за належнае па календары на 7-12 градусаў. Таксама ў заключныя дні чэрвеня пры паступленні паветраных мас з поўначы Афрыкі ў краіне адзначалася анамальна гарачае надвор’е. У гэты час слупкі тэрмометраў пераадольвалі адзнакі ў плюс 35 градусаў (небяспечная гідраметэаралагічная з’ява). Халаднаватае надвор’е, абумоўленае уплывам атмасферных франтоў і паступленнем паветраных мас з паўночных шырот, адзначалася толькі ў самым пачатку месяца і ў асобныя дні другой дэкады», — патлумачыла Марына Грыцкевіч.
Акрамя таго, чэрвень характарызаваўся актыўным развіццём канвектыўных працэсаў. «Па выніках першага летняга месяца на навальніцы, ліўні і шквалістыя ўзмацненні ветру было складзена 10 папярэджанняў на неспрыяльныя гідраметэаралагічныя з’явы, 3 папярэджанні — на тэмпературы плюс 30 градусаў і вышэй, а таксама спецыялістамі было складзена два штармавыя папярэджанні на вельмі моцную спякоту — плюс 35 градусаў і вышэй», — дадала яна.