Якім будзе пачатак мая на беларускіх рэках, паведамляе БелТА.
«Па стане на 30 красавіка амаль паўсюдна на рэках краіны адзначаецца спад узроўняў вады з інтэнсіўнасцю 1-19 см за суткі, толькі на Заходняй Дзвіне каля Полацка і Нёмане ў Гродне, а таксама на некаторых малых рэках назіраецца рост узроўняў вады з сутачнай інтэнсіўнасцю да 3 см. Вада знаходзіцца на пойме на Дняпры на ўчастку Жлобін — Лоеў і на прытоку Сожа рацэ Іпуць», — расказалі ў Белгідрамеце.
На Нёмане ў Гродне ўзровень вады знаходзіцца ніжэй за адзнаку, пры якой адзначаюцца цяжкасці ў рабоце рачнога транспарту. Тэмпература вады ў рэках складае ад 4,6 да 10 градусаў, у іншых вадаёмах — ад 6,8 да 10 градусаў.
Паводле прагнозаў гідролагаў, у бліжэйшую пяцідзёнку на рэках будзе адбывацца ў асноўным спад узроўняў вады, у выніку чаго на Дняпры каля Рэчыцы ўзровень вады апусціцца ніжэй за адзнаку выхаду вады на пойму, тэмпература вады будзе павышацца.