Арганізатарам выступіць Магілёўскае аддзяленне БелГПП. Праграма ўключае B2B-перагаворы, наведванне профільных прадпрыемстваў і ўдзел у бізнес-форуме для пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
«Мерапрыемства праводзіцца ва ўзаемадзеянні з генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь у Мумбаі і Федэрацыяй гандлёва-прамысловых палат Індыі. Форум будзе прысвечаны ўсебаковаму ўзаемадзеянню. Яго тэматыка — „Беларусь — Індыя: экспарт, імпарт, інвестыцыі“. Індыйскі бок анансаваў удзел вялікай колькасці індыйскіх партнёраў», — расказала Алена Маліноўская.
Яна адзначыла цеснае ўзаемадзеянне з пасольствам Індыі ў Беларусі, Федэрацыяй гандлёва-прамысловых палат Індыі, пасольствам Беларусі ў Індыі па арганізацыі візітаў дзелавых колаў.
«За апошні год мы правялі больш за дзясятак сустрэч. Практычна кожны месяц праводзілі сумеснае мерапрыемства з індыйскімі калегамі, у 2026 годзе ўжо адбылося пяць. Апошняе было прысвечана супрацоўніцтву ў сферы фармацэўтыкі. Прыехала каля 30 фармацэўтычных кампаній, беларускі бізнес таксама адгукнуўся. Тэма цяперашняй сустрэчы — морапрадукты. Ідзём кропкава па кожнай сферы, дзе можам знайсці ўзаемны інтарэс», — дадала Алена Маліноўская.
В2В-перагаворы — запатрабаваны фармат. «Гэта прамы дыялог, магчымасць абмяняцца кантактамі, дэталёва абмеркаваць механізм узаемадзеяння, асаблівасці рынку, работу ва ўмовах санкцый, пытанні фінансавання, лагістыкі», — адзначыла намеснік старшыні БелГПП. У ліку прыярытэтных напрамкаў яна вылучыла фармацэўтыку, а таксама пастаўкі прадуктаў харчавання.
В2В-сустрэча дэлегацыі Упраўлення па развіцці экспарту морапрадуктаў Індыі з беларускімі дзелавымі коламі арганізавана Беларускай гандлёва-прамысловай палатай ва ўзаемадзеянні з пасольствам Індыі ў Беларусі. Упраўленне па развіцці экспарту морапрадуктаў Індыі — ключавы орган, які рэгулюе і пашырае экспарт морапрадуктаў краіны. Арганізацыя забяспечвае кантроль якасці, займаецца навукова-даследчымі распрацоўкамі, падтрымлівае мадэрнізацыю промыслу, аквакультуру і дыверсіфікацыю рынкаў.
Адбыліся прэзентацыі беларускіх і індыйскіх прадпрыемстваў. Бакі абмеркавалі актуальныя напрамкі супрацоўніцтва.